Спецпасланнікам Трампа датычна Украіны можа стаць генерал, які ваяваў у В'етнаме і Іраку.
9- 27.11.2024, 20:04
- 2,196
Абраны прэзідэнт ЗША разглядае кандыдатуру генерал-лейтэнанта ў адстаўцы Кіта Келага.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае кандыдатуру генерал-лейтэнанта ў адстаўцы Кіта Келага на пасаду спецыяльнага пасланніка датычна Украіны для правядзення перамоваў пасля заканчэння вайны, паведамілі Reuters тры дасведчаныя крыніцы.
Раней Келаг працаваў у адміністрацыі Трампа падчас ягонага першага тэрміну. Ён узначальваў апарат Рады нацыянальнай бяспекі і быў дарадцам у нацыянальнай бяспецы тагачаснага віцэ-прэзідэнта Майка Пенса.
Прэс-сакратарка абранага прэзідэнта Кэралайн Левіт адмовілася каментаваць кандыдатуру Келага, адзначыўшы, што кадравыя пастановы будуць абвешчаныя пасля іх прыняцця.
80-гадовы Келаг удзельнічаў у вайне ў В'етнаме ў якасці афіцэра спецназу. Ён таксама займаў пасаду кіраўніка штабу 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі ў ходзе аперацыі «Бура ў пустыні» з 1990 да 1991 год. Генерал звольніўся з войска ў 2003 годзе.
Акрамя Келага, Трамп разглядае кандыдатуру былога кіраўніка Нацвыведкі Рычарда Грэнэла. Падчас першага прэзідэнцкага тэрміну Трампа Грэнэл працаваў амбасадарам ЗША ў Нямеччыне, а з лютага да траўня 2020 года выконваў абавязкі дырэктара Нацыянальнай выведкі. Акрамя таго, ён быў спецпрадстаўніком прэзідэнта на перамовах паміж Сербіяй і Косавам.