Мядзведзеў заявіў, што Расея ваюе з Захадам
16- 27.11.2024, 20:38
- 4,998
Намеснік старшыні Рады бяспекі РФ назваў базы NATO цэлямі.
Расея знаходзіцца ў стане вайны з Захадам, заявіў намеснік старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв'ю тэлеканалу Al Arabiya, і папярэдзіў, што ў выпадку далейшай эскалацыі ва Украіне вайсковыя базы NATO могуць аказацца цэлямі ўдараў.
«Наша краіна знаходзіцца ў стане вайны, прычым з усім заходнім светам. І таму мы будзем зыходзіць з тых дакументаў, якія падпісаныя кіраўніком дзяржавы. А пастанову, вядома, тут прымае вярхоўны галоўны камандзір, гэта значыць, прэзідэнт краіны», – заявіў ён.
Паводле ягоных словаў, пра пераход краінаў Захаду да прамога ўдзелу ў канфлікце сведчаць атакі заходнімі ракетамі на аб'екты на тэрыторыі Расеі. «Гэта ўсё роўна мяняе ход боестыкненняў і таго, што адбываецца, паколькі сведчыць, што блок NATO – і Вашынгтон, і іншыя ўдзельнікі гэтага альянсу – у сутнасці, уключыліся ўжо не ў гібрыдную, а ў паўнавартасную вайну супраць нашай краіны», – паказаў ён.
«Што да канкрэтных вайсковых аб'ектаў, базаў у любой з дзяржаваў. У цяперашні момант, калі канфлікт будзе развівацца паводле эскалацыйнага сцэнару, немагчыма выключыць нічога, паколькі дзяржавы, якія ўваходзяць у NATO, у сутнасці, у поўнай ступені ўключыліся ў гэты канфлікт», – адказаў Мядзведзеў на пытанне журналістаў пра магчымасць удараў па ваенных аб'ектах на тэрыторыі Румыніі і Польшчы (цытата паводле «РІА Навіны»).
Кіраўніцтва NATO неаднаразова аспрэчвала сцвярджэнні пра прамы ўдзел у канфлікце і падкрэслівала, што дапамагае Украіне ўзбраеннем і выведнымі звесткамі, але войскі не пасылае.