«Згодна з Белстатам вы багацееце, а ў рэальнасці - наадварот»
2- 28.11.2024, 10:14
- 3,816
Эканаміст патлумачыў, што адбываецца з партманэтамі беларусаў.
Эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін расклаў па палічках, чаму з «ростам» заробкаў беларусы не робяцца багацейшымі.
- Перад «выбарамі» прапагандысты добра «прадаюць» абсалютныя лічбы ў росце заробкаў у беларускіх рублях, - адзначае эканаміст у эфіры «Звычайнай раніцы». - І пажадана іх не параўноўваць з пакупніцкай здольнасцю рэальнага прадуктовага кошыка.
Рэальныя даходы растуць, бо ў нас кантраляваная інфляцыя і кантраляваныя кошты. Калі паглядзець на самыя прымітыўныя тавары, то, сапраўды, дабрабыт расце ў некаторым колькасным вылічэнні, але не якасным. Гэта значыць, вы можаце з'есці больш агуркоў, але як толькі гаворка заходзіць пра нешта імпартнае, то там кошты зусім іншыя.
І тут у нас, як у познім Савецкім Саюзе, зазначае эканаміст, раз'язджаюцца дзве эканомікі.
- Вы можаце купіць не вельмі якасны тавар у краме, але, калі казаць пра імпартны, напрыклад, патрэбныя джынсы, але такія тавары адразу становяцца дарагімі.
Таму калі ўзяць беларуса, які жыве, дапусцім, у райцэнтры, то паесці і заплаціць за камуналку для яго нібыта не так дорага. Але як толькі гаворка заходзіць пра нешта для душы - добра адзецца, купіць тэхніку ў дом, з'ездзіць у адпачынак, то гэта залімітавыя кошты.
Так адбываецца зноў жа, бо ў краіне кантралюецца інфляцыя. На заробкі, якія растуць, вы можаце больш купіць таго, што робіцца ўнутры краіны. А сусветныя цэны растуць незалежна ад кантролю інфляцыі ўнутры краіны. Так што імпартныя тавары даражэюць значна хутчэй, і атрымліваецца, што згодна з Белстатам вы багацееце, а ў рэальнасці не, бо вы не жывяце паводле прадуктовага кошыку, які лічыць Белстат.