Зяленскі: Пуцін размахвае сваёй «Ляшчынай», каб сарваць будучыя намаганні Трампа
9- 28.11.2024, 21:35
- 2,618
УЛАДЗІМІР ЗЯЛЕНСКІ Дыктатар РФ хоча абвастрыць сітуацыю.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе, што цяпер кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін спрабуе абвастрыць сітуацыю так, каб новаабранаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу не ўдалося скончыць расейска-ўкраінскую вайну.
Пра гэта ўкраінскі лідар заявіў падчас свайго вечаровага звароту.
Як адзначыў Зяленскі, Пуціну заканчэнне вайны не патрэбнае, а таксама кіраўнік Крамля «хоча не даць яшчэ і іншым скончыць гэтую вайну».
Таму, мяркуе ўкраінскі лідар, Пуцін «размахвае сваёй “Ляшчынай” для таго, каб сарваць намаганні Трампа, якія «дакладна будуць пасля інаўгурацыі».
«Пуцін хоча абвастрыць сітуацыю цяпер так, каб у прэзідэнта Трампа нічога не атрымалася – каб ён не змог скончыць вайну», – мяркуе Зяленскі.
Прэзідэнт акцэнтаваў, што Пуцін – адзіны вінаваты ў гэтай вайне і адзіны, хто ў вайну верыць.
«І менавіта таму пуцінская эскалацыя цяпер – гэта ціск, каб пасля прымушаць прэзідэнта Амерыкі ісці на ўмовы Расеі», – падсумаваў ён.