Прыхільніца Лукашэнкі з Менска шакавала антысеміцкімі выказваннямі
- 3.11.2024, 13:06
- 27,188
Выказванні дзіцячай лекаркі выклікалі скандал.
Беларускі твітэр абурыўся выказваннямі лекаркі з Менска, якая напісала, што «габрэі заслугоўваюць гарэць у печах». У адказ жанчына паабяцала перадаць звесткі іхніх старонак беларускім сілавікам.
1 лістапада ў твітары з'явіўся допіс лекаркі Алесі Белавус - анэстэзіёлага-рэаніматолага з 3-й дзіцячай лякарні ў Менску, піша «Наша Ніва».
Жанчына заявіла, што «ёй як белабрысай славянцы больш за ўсё брыдоты робіць дзіця юдэя». Былі таксама іншыя абразлівыя выказванні на нацыянальнай глебе.
Твіт на раніцу 3 лістапада прагледзелі 58 тысяч чалавек, а пракаментавалі - больш за 400, што значна кантрастуе па папулярнасці з усімі папярэднімі публікацыямі на старонцы жанчыны.
Каментатары спрабавалі прысароміць лекарку, яна агрызалася ў адказ.
На фоне крытыкі лекарка напісала яшчэ некалькі твітаў, у адным з якіх пажадала габрэям «гарэць у печах», суправадзіўшы гэта сімвалам падтрымкі Палестыны. Пазней той допіс жанчына выдаліла, але каментатары зрабілі з яго скрын.
Таксама лекарка стала пагражаць сваім крытыкам, што зверне на іх увагу сілавікоў, аднак ёй самой напісалі, што яна нагаварыла на артыкул 130 КК РБ «аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варожасці».
Хто такая лекарка Белавус?
Жанчыну клічуць Алеся Белавус, яна выпускніца Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і з 2018 года працуе анэстэзіёлагам-рэаніматолагам у 3-й гарадской дзіцячай лякарні ў Менску.
У сацыяльных сетках жанчына выказвала вялікую любоў «да сваіх маленькіх пацыентаў».
Мяркуючы па яе папярэдняй актыўнасці ў твітары, Белавус падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і Расею.