Кітайскія кампаніі сыходзяць з Расеі праз падзенне рубля
6- 30.11.2024, 10:17
- 6,970
Продажы спыненыя.
Кітайскія кампаніі, якія пастаўляюць у Расею спажывецкія тавары, пачалі спыняць продажы на платформах электроннага гандлю праз падзенне курсу рубля, паведамляе South China Morning Post са спасылкай на інсайдараў галіны.
Паводле словаў суразмоўцаў выдання, падзенне расейскай валюты да мінімумаў з сакавіка 2022 года занепакоіла кітайскіх прадпрымальнікаў, асабліва тых, хто гандляваў у рублях.
Кітай стаў найбуйнейшым гандлёвым партнёрам Расеі і галоўным пастаўшчыком шырспажыву замест заходніх кампаній, якія сышлі: паводле звестак мытні, штомесяц у РФ увозіцца тавараў з КНР на $10–11 млрд – удвая больш, чым да пачатку вайны. Больш за 50 адсоткаў тавараў на платформах электроннага гандлю прыходзяць з Кітая, а дзель кітайскіх машынаў на аўтарынку дасягнула 70 адсоткаў.
Але крах рубля прынёс кітайскім экспарцёрам «сур'ёзныя страты», расказаў SCMP Эндзі Гуа, заснавальнік арыентаванай на расейскі рынак бізнэс-платформы Waimaojia.
«З аднаго боку, дэвальвацыя рубля <…> падвышае кошты, саслабляючы жаданне расейскіх спажыўцоў набываць. З іншага боку, ваганні абменнага курсу “з'ядаюць” маржу кітайскіх экспарцёраў пасля аплаты», – тлумачыць ён.
Агулам блізу 150 тысячаў кітайскіх прадаўцоў прапануюць свае тавары на маркетплейсах Ozon, Wildberries і Yandex Market. Сітуацыю для іх ускладняюць праблемы з плацяжамі, расказаў аператар адной з гандлёвых платформаў у Шэньчжэне. Паводле ягоных словаў, ягоная кампанія выправіла ў Расею тавараў на сотні мільёнаў юаняў, але не атрымала назад ніякіх грошай ад Wildberries. Паводле словаў іншага прадаўца, атрыманыя ў Расеі рублі можна абмяняць толькі на чорным рынку, а гэта рызыкоўна.
З пачатку лістапада рубель страціў блізу 10% да юаня і даляра, а таксама 7,5% да еўра, што, паводле звестак Reuters, стала найгоршым месячным вынікам для расейскай валюты за апошнія два гады. 27 лістапада курс даляра на форэксе падскокваў вышэй за 114 рублёў, еўра – вышэй за 120 рублёў, а юань на Масбіржы дасягаў адзнакі 15,2 рубля. У адказ ЦБ пастанавіў падвоіць продаж юаняў з рэзерваў на рынку – да 8,4 млрд рублёў за дзень, што крыху «збіла тэмпературу» ў рубля. У пятніцу біржавы курс юаня знізіўся на 1,5% – да 14,5 рубля. Курс даляра на форэксе апусціўся да 106,5 рубля, а еўра – да 112,59 рубля.