«Паралельна з вулічнымі акцыямі будуць працягвацца пратэсты і ў дзяржструктурах Грузіі»
5- 30.11.2024, 16:07
- 6,466
Гэты працэс ужо пачаўся.
Ужо блізу 150 грузінскіх дыпламатаў, а таксама прадстаўнікі сферы адукацыі, журналісты выступілі з пратэстам супраць дзеянняў урада Грузіі. Паралельна з мітынгамі і вулічнымі акцыямі будуць працягвацца пратэстныя дзеянні і ў дзяржструктурах Грузіі, як на цэнтральным, так і на муніцыпальных узроўнях.
Такім меркаваннем падзяліўся палітолаг, прафесар Чарнаморскага міжнароднага ўніверсітэта Грузіі Ніка Чытадзэ.
- Гэты працэс ужо пачаўся. Да таго, як надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Грузіі ў Балгарыі Атар Бердзенішвілі падаў у адстаўку, некалькі месяцаў таму (у траўні 2024 года, — рэд.) таксама зрабіў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Грузіі ў Францыі Гоча Джавахішвілі. Акрамя таго, недзе 150 дыпламатаў, прадстаўнікоў Міністэрства замежных справаў, якія зараз працуюць у МЗС Грузіі, і супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў у розных краінах, зрабілі заяву аб тым, што пратэстуюць, выказваюць сваю незадаволенасць тым, як грузінская ўлада прыняла развязанне прыпыніць перамовы з Еўрапейскім Звязам на чатыры гады, - адзначыў палітолаг.
Акрамя таго, са слоў Чытадзэ, 50 прадстаўнікоў Міністэрства абароны таксама зрабілі адпаведныя заявы.
- І амаль 200 прадстаўнікоў структуры адукацыі, у тым ліку гэта і Міністэрства адукацыі, і некаторыя педагогі публічных школ, таксама зрабілі заявы, - дапоўніў спікер.
Са слоў Чытадзэ, адміністрацыі пяці ўніверсітэтаў заявілі аб тым, што часова спыняюць адукацыйную дзейнасць.
- Думаю, іншыя ўніверсітэты Грузіі, а ў краіне іх зарэгістравана амаль 50, таксама выкажуць сваю пазіцыю. Яны на асфальце ляжалі, і замест таго, каб сваім суграмадзянам дапамагчы, сілавікі іх білі нагамі, - сказаў Ніка Чытадзэ.
Таксама стала вядома аб звальненні чатырох журналістаў з тэлекампаніі Rustavi 2, якая, са слоў палітолага, лаяльна ставіцца да грузінскіх уладаў.
– Гэта ўсё адбылося на працягу апошніх двух дзён. Я думаю, што тэндэнцыя будзе працягвацца. І, адпаведна, паралельна з мітынгамі, вулічнымі акцыямі таксама будуць працягвацца пратэстныя дзеянні і ў дзяржструктурах Грузіі, як і на цэнтральным, так і на муніцыпальных узроўнях, - рэзюмаваў Чытадзэ.