Набліжаная да сям'і Лукашэнкі бізнэсвумэн замяшаная ў скандале на рыбалоўным рынку РФ
3- 30.11.2024, 17:25
- 10,264
Гаворка ідзе пра прадпрыемства "Саюзныя рыбныя промыслы".
Адзін з найбуйнейшых расейскіх здабытчыкаў краба — кампанія «Антэй» — спрабуе адсудзіць блізу 1,4 млн даляраў у супольнага беларуска-расейскага рыбалоўчага прадпрыемства «Саюзныя рыбныя промыслы».
Сярод уладальнікаў фірмы, да якой прыляцеў пазоў, — бізнэсвумэн, набліжаная да сям'і Віктара Лукашэнкі — сына Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, яшчэ адзін буйны ўдзельнік рыбалоўнага рынку ў Расеі — кампанія "Саюзрыба", адзін з яе ўладальнікаў — фірма "Санта" бізнэсоўцы Аляксандра Машэнскага, адзначае «Зеркала».
Што за "Саюзныя рыбныя промыслы"
"Саюзныя рыбныя промыслы" - гэта адзін з двух і найбуйнейшы бізнес, у рамках якіх беларускія прадпрымальнікі асвойваюць квоты на вылаў рыбы ў тэрытарыяльных водах Расеі.
Кампанія была створана ў 2022 годзе і ў наступным на падставе беларуска-расейскага міжурадавага пагаднення ўпершыню атрымала квоту на Далёкім Усходзе. Квота давала права на вылаў 51 тыс. тон мінтая ў Ахоцкім і Берынгавым морах. І была паспяхова засвоеная "Саюзнымі рыбнымі промысламі", якія стварылі ўласны флот з двух рыбалавецкіх траўлераў. Вылаўленая амаль на 25 млн даляраў рыба была рэалізаваная ў Расеі, Беларусі, а таксама сышла на экспарт. Прыбытак "Саюзных рыбных промыслаў" паводле выніку першага года дзейнасці наблізіўся да адзнакі 4 млн даляраў.
На гэты год Расрыбалоўства зноў вылучыла беларуска-расейскай кампаніі квоту на вылаў 51 тыс.тон рыбы. На гэты раз-50 тыс. тон мінтая і 1 тыс. тон ціхаакіянскага селядца. Дагэтуль яна амаль цалкам засвоеная. Гэта 85% ад аб'ёму ўсёй квоты, якую ў 2024 годзе атрымала Беларусь на лоўлю рыбы ў расейскіх водах.
Большая частка астатняй квоты (на лоўлю звыш 7,8 тыс. тон траскі і пікшы ў Баранцавым моры) дасталася іншай беларуска-расейскай кампаніі — «Саюзрыбу». Беларусаў у ёй прадстаўляе група кампаній "Санта" бізнэсоўца Аляксандра Машэнскага.
У капітале "Саюзных рыбных промыслаў" з моманту яе стварэння беларусы і расейцы валодаюць роўнымі долямі. З беларускага боку — гэта зарэгістраваная ў Воршы кампанія "Марскія промыслы" (25%), а таксама Людміла Няронская (25%), якая з'яўляецца дырэктарам Беларускай фірмы "Западтрансэкспедыцыя" (займаецца перапрацоўкай, захоўваннем, транспартаваннем і рэалізацыяй звадкаваных вуглевадародных газаў).
Як раней паведамляў Беларускі даследчыцкі цэнтр, Людміла Няронская таксама значылася саўладальніцай клінікі "Мерсі". За ёй таксама лічыліся долі ў кампаніях "Грузавая служба", "ГазЭнерджыХім " і крыптабіржы iExchange. Следчыя таксама адзначалі, што Людміла Няронская набліжаная да сям'і Віктара Лукашэнкі — сына Аляксандра Лукашэнкі.
З расейскага боку да верасня гэтага года 50% акцый "Саюзных рыбных промыслаў" знаходзілася ў Юліі Лазаравай. Але яна прадала свой пакет кампаніі "Ізумруд", якая належыць інвестыцыйнаму фонду "Паўночная Эгіда-стратэгічны". Угода была ацэненая ў расейскіх СМІ ў 110 млн даляраў. Выданні РФ таксама пісалі, што канчатковым уладальнікам «Ізумруда» можа з'яўляцца набліжаны да Пуціна бізнэсовец Аркадзь Ратэнберг. Але яго прадстаўнікі зняпраўдзілі гэтую інфармацыю.
Хто падаў у суд на "Саюзныя рыбныя промыслы"?
Арбітражны суд Прыморскага краю прыняў позву "Антэя". На снежань прызначана яго першае пасяджэнне. Грашовыя прэтэнзіі ўладальніка "Антэя", "крабавага караля" Ігара Міхнова, да "Саюзных рыбных промыслаў" узніклі практычна адначасова са зменай партнёра беларусаў у гэтым бізнэсе.
У сваім пазове яна патрабуе 150 млн расейскіх рублёў (блізу 1,4 млн даляраў паводле курсу Цэнтрабанка РФ на 20 лістапада) у якасці "спагнання беспадстаўнага ўзбагачэння" і "адсоткаў за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі".
У чым канкрэтна сутнасць прэтэнзій — у матэрыялах справы не раскрываецца. Але гаворка ідзе амаль пра траціну сумы, якую летась атрымалі "Саюзныя рыбныя промыслы".
"Антэй" з'яўляецца галаўной кампаніяй холдынгу, якой валодае вядомы ў рыбным свеце Расеі бізнэсовец, "крабавы кароль" Ігар Міхноў. Ён мае амаль 50 марскіх рыбалоўных судоў, якія вядуць здабычу краба і рыбы ў Паўночным і далёкаўсходнім басейнах. Таксама холдынг займаецца вырошчваем грабеньчыкаў, вустрыц, мідый і марскіх вожыкаў.
Пры гэтым Сяргей Скляр, які ўзначальвае цяпер «Саюзныя рыбныя промыслы», раней працаваў менавіта ў холдынгу "Антэй".