Войскі Асада абвясцілі аб выхадзе з Алепа
- 30.11.2024, 17:51
- 3,282
Напярэдадні сірыйскія паўстанцы пачалі браць пад кантроль буйны горад на паўночным захадзе краіны.
Сірыйскае ўрадавае войска абвясціла аб выхадзе з Алепа. Напярэдадні сірыйскія паўстанцы пачалі браць пад кантроль буйны горад на паўночным захадзе краіны, паведамляе Reuters.
Паведамляецца, што сірыйскія ўрадавыя войскі, якія падпарадкоўваюцца дыктатару Башару Асаду, часова выходзяць з Алепа. Як заявілі вайскоўцы, гэта частка перагрупоўкі перад прыбыццём падмацаванняў.
Таксама паведамляецца, што за апошнія некалькі дзён у баях з паўстанцамі ў Алепа і Ідлібе загінулі або атрымалі раненні дзясяткі жаўнераў.
Што адбываецца ў Сірыі
На гэтым тыдні тысячы паўстанцаў на чале з ісламістамі з "Хайят Тахрыр аш-Шам" (ХТШ) перайшлі ў маштабны наступ на ўрадавыя сілы Сірыйскай Арабскай арміі (САА) на ўсходзе Ідліба і ў заходняй частцы правінцыі Алепа. За тры дні баёў ім удалося зайсці ў горад, які з 2016 года знаходзіцца пад поўным кантролем войскаў Башара Асада.