«З панядзелка кіроўцаў таксі стане яшчэ менш»
13- 4.11.2024, 9:24
- 9,052
Што адбываецца на рынку таксі ў Беларусі.
З 1 лістапада ў Беларусі пачаў дзейнічаць рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных злучэнняў. Гэта значыць, што кіроўцы таксі цяпер не могуць працаваць без рэгістрацыі ў гэтым рэестры. У Мінтрансе мяркуюць, што рэестр дапаможа "абмежаваць прысутнасць на рынку перавозак пасажыраў несумленных вознікаў і дыспетчараў".
У пятніцу, 1 лістапада, цэны і час чакання таксі выраслі. Некаторым менчукам давялося чакаць аўтамабіль больш за 15 хвілін. Падраслі і цэны.
Тады кіроўца сталічнага таксі Аляксей пацвердзіў Smartpress, што аўтамабіляў сапраўды стала менш, час чакання вырас.
«Што да росту цаны, пакуль нічога экстраардынарнага з ёй не адбываецца. Так, яна вышэйшая, але не так каб занадта. Я думаю, што той самы Яндэкс рэгулюе гэтыя каэфіцыенты. А вось з нястачай аўтамабіляў ён наўрад зможа ўправіцца», – сказаў ён.
Што будзе з панядзелка?
Адзін з кіроўцаў менскага сэрвісу падзяліўся сваім меркаваннем аб тым, што чакае жыхароў сталіцы з панядзелка. З ягоных слоў, з 4 лістапада аўтамабіляў стане яшчэ менш.
“З панядзелка кіроўцаў таксі выйдзе яшчэ менш. З панядзелка тым, хто не ў рэестры, адлучаць доступ да сэрвісу «Яндэкс-таксі». Сёння яшчэ частка нелегалаў працуе. Штраф — да 200 базавых адзінак за працу таксіста-нелегала», — падзяліўся таксіст.
Што да часу чакання, то, на думку кіроўцы, час чакання будзе расці. Ён ужо вырас прыкладна ў 2-2,5 раза, расказаў таксіст, і з панядзелка яшчэ павялічыцца.
Наконт росту цэн кіроўца адзначыў, што прадказаць гэтага пакуль не можа, "не ведае". Аднак таксіст адзначыў, што "аўтамабіляў стала менш прыкладна на траціну". А значыць, цалкам імаверна, што заплаціць за паездку давядзецца больш, чым яна каштавала раней.
«Тарыфы выраслі ў 2 разы, бо аўтапаркам давялося наймаць кіроўцаў афіцыйна, паводле ўмовы. Давядзецца плаціць падаткі», — падзяліўся інфармацыяй таксіст.
Таксама кіроўца адзначыў, што асабіста ён задаволены такой навацыяй, бо заробак застаўся на ранейшым узроўні, а працы стала "ў два разы менш", чым раней.