У Менску ліквідуюць «Беларускую асацыяцыю садзейнічання ААН»
3- 5.11.2024, 14:36
- 2,434
Арганізацыя была зарэгістраваная 35 гадоў таму.
Пакуль Лукашэнка заступаецца за генеральнага сакратара ААН Гутэрыша, менскія ўлады ліквідуюць грамадскую асацыяцыю, звязаную з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый.
12 лістапада ў Менскім гарадскім судзе будзе разглядацца ліквідацыя грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя садзейнічання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", перадае "Радыё Свабода". Пазоў падало Міністэрства юстыцыі.
Арганізацыя была зарэгістраваная 35 гадоў таму - у кастрычніку 1989-га. На партале грамадскіх аб'яднанняў пазначана, што яе кіраўніком з'яўляецца Віктар Іваноў. Месца знаходжання аб'яднання - Менск, вул. Бабруйская, 5а. Гэты будынак рэктарата Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У публічнай прасторы звестак аб нейкай дзейнасці аб'яднання апошнім часам няма.
З 2002 года існуе навучальна-адукацыйны цэнтр ГА "Беларуская асацыяцыя садзейнічання ААН". Ён зарэгістраваны ў Менску на вул. Інтэрнацыянальнай, 24а - гэта інтэрнат Беларускага дзяржаўнага цырка. Гэты цэнтр на гэты час мае статус дзейнага.
Як падлічылі праваабаронцы, за час ад выбараў 2020 года да канца кастрычніка 2024-га ў Беларусі было ліквідавана не менш за 1 838 некамерцыйных арганізацый.