25 снежня 2024, Серада, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расеі пачаўся «губернатарапад»

3
У Расеі пачаўся «губернатарапад»
УЛАДЗІМІР УЙБА

Трэці за дзень губернатар пайшоў у адстаўку.

Кіраўнік Рэспублікі Комі (РФ) Уладзімір Уйба абвясціў аб адстаўцы. Ён паведаміў, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін даверыў яму "новы фронт працы" на федэральным узроўні. "Для мяне гэта новы выклік і вялікая адказнасць", – заявіў чыноўнік, не ўдакладніўшы, чым зараз будзе займацца.

Пра падрыхтоўку адстаўкі Уйбы раней распавялі крыніцы «Ведамасцяў». З іх слоў, губернатарам была незадаволеная адміністрацыя прэзідэнта, паколькі ён неаднаразова станавіўся ўдзельнікам канфліктных сітуацый і не змог выбудаваць дыялог ні з насельніцтвам, ні з мясцовымі элітамі.

Уйба кіраваў рэспублікай з 2020 года. Да гэтага ён быў намеснікам міністра аховы здароўя, а таксама на працягу 15 гадоў узначальваў Федэральнае медыка-біялагічнае агенцтва (ФМБА). Пры ім установа не раз была замешанай у карупцыйных скандалах.

Журналісты «Новой газеты» і «7×7» таксама знайшлі ў кіраўніка Комі і ягонай жонкі бізнэс у Чэхіі, нягледзячы на заканадаўчую забарону для чыноўнікаў на валоданне замежнымі актывамі, а «Важныя гісторыі» высветлілі, што Уйба некалькі гадоў запар афіцыйна не дэклараваў як мінімум дзесяць аб'ектаў нерухомасці ў Маскоўскай і Калужскай абласцях.

Апроч гэтага, Уйба не раз станавіўся героем скандальных публікацый з-за сваёй манеры размаўляць з людзьмі. Так, у 2021 годзе ў адказ на абурэнне жыхароў нафтаразлівым на рацэ Колва, якія хацелі звярнуцца з гэтай і іншай праблемамі «наўпрост да Пуціна», кіраўнік рэгіёну заявіў: «У вас я – Пуцін. Які Пуцін вам?» Тады скандал дайшоў да Крамля і ўступацца за Уйбу давялося прэс-сакратару прэзідэнта Дзмітрыю Пяскову. Таксама кіраўнік Комі называў «экалагічным смеццем» жыхароў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва смеццеперапрацоўчага комплексу і палігона ў прыгарадзе Сыктыўкара.

Уйба стаў трэцім губернатарам за дзень, які пайшоў з пасады. Напярэдадні стала вядома аб змене кіраўнікоў Растоўскай і Тамбоўскай абласцей. 67-гадовы Васіль Голубеў і 47-гадовы Максім Ягораў аб'явілі аб сваёй адстаўцы, таксама патлумачыўшы гэтую пастанову пераходам на іншую працу. Растоўскую вобласць часова ўзначаліў былы гендырэктар Аб'яднанай авіябудаўнічай карпарацыі (ААК) Юрый Слюсар, а Тамбоўскую - экс-мэр Краснадара і ўдзельнік вайны з Украінай Яўген Пярвышаў. Увечары таго ж дня супрацоўнікі маскоўскай управы ФСБ прыйшлі да Голубева ў кабінет з ператрусам. Аб распачынанні крымінальнай справы не паведамлялася.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках