Дзве брытанкі даведаліся, што іх пераблыталі ў радзільні, праз 57 гадоў
7- 5.11.2024, 21:17
- 18,296
Гэта выявілася праз калядны падарунак.
Дзве жанчыны ў Вялікай Брытаніі даведаліся праз 57 гадоў, што іх пераблыталі ў радзільні і яны ўсё жыццё жылі не з роднымі бацькамі. Памылка выявілася дзякуючы каляднаму падарунку, піша BBC.
Жанчыны нарадзіліся ў 1967 годзе ў радзільні ў Мідлендсе, але праўда пра іх паходжанне пачала праясняцца пасля таго, як у 2021 годзе мужчыну з імем Тоні падарылі на Каляды ДНК-тэст. Ён яго прайшоў і даведаўся, што ў яго ёсць сястра, але гэта зусім не Джэсіка, з якой ён вырас, а незнаёмая яму жанчына Клэр.
Звесткі Клэр таксама былі ў гэтай базе, таму што за некалькі гадоў да гэтага яна таксама здавала ДНК-тэст і высветліла, што бацькі ёй не родныя.
У выніку Тоні і Клэр звязаліся і прыйшлі да высновы, што Джэсіку і Клэр пераблыталі пры нараджэнні, таму што яны нарадзіліся ў адной і той жа лякарні прыкладна ў адзін і той жа час.
Пасля гэтага Клэр сустрэлася са сваімі сапраўднымі мамай і татам. Паводле ейных словаў, яна проста хацела паглядзець, як яны выглядаюць і паразмаўляць. Высветлілася, што яны жывуць у вёсцы, якую яна часта праязджала па дарозе на працу.
Клэр прызналася, што ўбачыўшы сваю сапраўдную маму, адразу заўважыла, што яны вельмі падобныя, у іх былі аднолькавыя вочы. Маці таксама сказала ёй, што бачыць падабенства: Клэр нагадала ёй сябе ў маладосці. Жанчыны адразу сталі блізкія і імкнуцца праводзіць больш часу разам, хоць і прызнаюць, што гады ўжо не вярнуць.
Тым часам Джэсіка больш не называе «мамай» жанчыну, якая яе выгадавала, хоць тая ў сваю чаргу заявіла, што заўсёды будзе ўважаць яе за сваю другую дачку.
Клэр пастанавіла спагнаць з радзільні кампенсацыю за гэтую памылку, паколькі высветлілася, што яна на самай справе на адзін дзень старэйшая, а ўвесь гэты час у яе былі няправільныя дакументы. У радзільні прызналі, што інцыдэнт быў «жахлівай памылкай» і пагадзіліся пакрыць шкоду, памер цяпер вызначаюць спецыялісты службы аховы здароўя, якія курыруюць гэтую лякарню.