6 лiстапада 2024, Серада, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Названая прычына смерці палітвязня Змітра Шлетгаўэра

3
Названая прычына смерці палітвязня Змітра Шлетгаўэра
ДЗМІТРЫЙ ШЛЕТГАЎЭР

Вязня сумлення давялі да самагубства.

Пра смерць палітвязня Змітра Шлетгаўэра стала вядома на мінулым тыдні. 22-гадовы хлопец адбываў тэрмін у ПК-15, што ў Магілёве. З якой прычыны памёр Зміцер, праваабаронцы не паведамлялі. Аднак знаёмы сям'і Шлетгаўэра расказаў «Зеркалу», якую прычыну медыкі ўказалі ў пасведчанні аб смерці.

Са слоў знаёмага сям'і, які зараз жыве за мяжой, у пасведчанні аб смерці палітвязня ўказаная прычына – «механічная асфіксія». Вельмі часта такі запіс робяць пры самагубствах.

- Кіраўніцтва калоніі не паведаміла родным Дзмітрыя, што менавіта здарылася з ім, - сцвярджае ён.

Паводле ягоных слоў, родныя палітвязня размаўлялі з ім праз лісты. Жонка Зміцера наведвала яго ў СІЗА да і пасля суда.

- Сям'я мяркуе, што Зміцер не збіраўся забіваць сябе. Са слоў родных, ён быў вельмі засмучаны з-за таго, што з ім здарылася, але не настолькі, каб быць гатовым да добраахвотнага сыходу з жыцця.

Яшчэ ў СІЗА ён пачаў старанна рыхтавацца да пераводу ў калонію - збіраў цыгарэты, цукар, гарбату і каву ў разліку на тое, што яны спатрэбяцца ў лагеры (так зняволеныя называюць калонію), - кажа знаёмы Шлетгаўэраў.

Суразмоўца таксама дадаў, што яшчэ ў следчым ізалятары ў Зміцера з'явіліся некрытычныя праблемы са здароўем:

- Пакуль Дзіма быў у СІЗА, у яго нарадзіўся сын, і ён вельмі перажываў, што гэта здарылася ў яго адсутнасць. Мабыць, ён моцна нерваваўся, з-за чаго моцна палысеў, у яго з'явіўся варыкоз. Але ўчыніяць суіцыд ён не планаваў. Наадварот, збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні і спадзяваўся хутчэй выйсці на волю, убачыць сына і жонку.

Са слоў крыніцы, Зміцер казаў родным, што ў следчым ізалятары да яго ставіліся добра. Сукамернікі і адміністрацыя праблем не стваралі.

З СІЗА ў магілёўскую ПК-15 мужчыну перавялі ў першыя дні кастрычніка 2024 года. Знаёмы сям'і сцвярджае, што Змітра адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар. Аб прычыне такога пакарання ён не ведае.

12 кастрычніка сям'я Шлетгаўэра атрымала ад адміністрацыі калоніі паведамленне аб трагедыі. У пасведчанні аб смерці пазначаная дата - 11 кастрычніка 2024 года.

Зміцер Шлетгаўэр - грамадзянін Расеі. Інфармацыя аб "таемным" судзе над ім з'явілася ў канцы жніўня. Паведамлялася, што мужчыну прызналі вінаватым у "спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК) і "шпіянажы" (арт. 358 КК). Яго прысудзіліі да 12 гадоў калоніі.

Гэта як мінімум дзявяты палітвязень, які памёр у беларускіх турмах.

21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак.

5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Зміцер Дудойць.

7 траўня 2023 года ў калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч.

5 ліпеня 2023 года ў Лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін.

11 ліпеня 2023 года ў Гарадзенскай турме ад прабадной язвы памёр мастак Алесь Пушкін.

13 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі №3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько.

20 лютага 2024 года стала вядома пра смерць у турме актывіста апазіцыі Ігара Ледніка, які меў групу інваліднасці з-за праблем з сэрцам.

10 красавіка 2024 года ў берасцейскім СІЗА памёр абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік ПДВ Аляксандр Кулініч.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках