Forbes: Украіна атрымае сотні браняваных машын Stryker для баёў з паўночнакарэйскімі жаўнерамі
1- 6.11.2024, 15:21
- 5,592
Большасць з іх ужо знаходзяцца пад Курскам.
ЗША перададуць Украіне больш за 200 браняваных машын Stryker, якія ўкраінскае войска зможа выкарыстоўваць у Курскай вобласці, каб адбіваць атакі паўночнакарэйскіх салдат, піша Forbes. У выніку парк бронетранспарцёраў, якія знаходзяцца на ўзбраенні Украіны, вырасце амаль да 400.
Са звестак выдання, большасць украінскіх Stryker ужо знаходзяцца пад Курскам, а новыя машыны будуць скарыстаныя, каб сустрэць контрнаступленне расейскага войска пры падтрымцы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
Папярэдніх партый бронетранспарцёраў было дастаткова для абсталявання 80-й і 82-й паветрана-штурмавых брыгад, батальёны якіх 6 жніўня ўварваліся на тэрыторыю Курскай вобласці і акупавалі яе частку, зазначае Forbes. Пры гэтым 95-я брыгада, якая таксама знаходзіцца ў Курску, пакуль не атрымала ніводнага бронетранспарцёра.
Новая партыя Stryker ўвойдзе ў пакет вайсковай дапамогі ЗША на $425 млн. Акрамя браняваных машын Кіеў атрымае ракеты Stinger, боепрыпасы для сістэм NASAMS і HIMARS, 155-міліметровыя і 105-міліметровыя артылерыйскія боепрыпасы, супрацьтанкавыя набоі і AT-4, а таксама стралковую зброю, падрыўныя сродкі і медыцынскае абсталяванне.
Аб чарговым пакеце дапамогі Украіне кіраўнік Пентагона Лойд Осцін абвясціў на фоне з'яўлення звестак аб перакідцы ў Расею паўночнакарэйскіх вайскоўцаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Дзяржаўны дэпартамент заяўляў, што блізу 10 тысяч жаўнераў КНДР было накіравана ў Курскую вобласць у пачатку лістапада. «Першапачатковыя звесткі паказваюць на тое, што гэтыя войскі будуць задзейнічаныя ў ролі пяхоты», - адзначыў прадстаўнік Пентагона генерал-маёр ВПС ЗША Пэт Райдэр.