У Гішпаніі знайшлі найбуйнейшую партыю какаіну ў бананах
4- 6.11.2024, 19:37
- 3,446
13 т наркотыку было знойдзена ў кантэйнеры з Эквадора.
Паліцыя і мытня Гішпаніі канфіскавалі 13 т какаіну, знойдзенага ў кантэйнеры з бананамі з Эквадора ў порце горада Альхесіраса, піша El Mundo.
Гэта найбуйнейшая партыя наркотыку, знойдзеная ў Гішпаніі пасля таго, як у тым жа порце было перахоплена амаль 9,5 т летам 2023 года.
Груз прызначаўся кампаніі з правінцыі Алікантэ. Цягам многіх гадоў яна атрымлівала вялікую колькасць садавіны з краін Паўднёвай Амерыкі, але ў выніку была ліквідаваная. На гэты момант адзін падазраваны затрыманы ў Таледа.
El País у кастрычніку са спасылкай на крыніцы пісала аб выяўленні ў Альхесірасе 13 т какаіну, схаванага ў кантэйнеры з бананамі. Груз прыбыў з Эквадора, атрымальнікам была кампанія, якая базуецца ў муніцыпалітэце Кампелье правінцыі Алікантэ. Адзін чалавек быў арыштаваны, пад следствам знаходзяцца яшчэ некалькі, паведамляла газета.
Партыю наркотыку знайшлі ў сярэдзіне кастрычніка. Пазней у кампаніі ў Алікантэ прайшлі ператрусы.
У жніўні мінулага года ў Альхесірасе былі канфіскаваныя 9,5 т какаіну. Ён быў замаскаваны пад партыю бананаў і схаваны ў 1080 скрынях. Следчыя тады высачылі, прынамсі, 30 еўрапейскіх кампаній, звязаных з гэтым грузам.