Зяленскі ўпершыню за час поўнамаштабнай вайны прыбыў у Вугоршчыну
6- 7.11.2024, 14:01
- 4,730
Прэзідэнт Украіны сустрэўся з Орбанам.
У чацвер, 7 лістапада, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў у Вугоршчыну на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці і сустрэўся з прэм'ер-міністрам краіны Віктарам Орбанам.
Пра гэта паведамляе выданне Ansa.
Гэта стала першым візітам Зяленскага ў Вугоршчыну з часоў поўнамаштабнага ўварвання Расеі.
"Я буду гаварыць пасля сустрэчы", — адказаў ён журналістам.
Выданне піша, што сярод удзельнікаў саміту "былі пэўныя сумневы" наконт прыезду Зяленскага, улічваючы пазіцыю Орбана наконт вайны РФ супраць Украіны.
Сваю паездку ў сталіцу Вугоршчыны ён анансаваў у вечаровым звароце напярэдадні. Тады прэзідэнт Украіны заявіў аб планах правесці сустрэчы з Орбанам і прэзідэнтам Еўрарады Шарлем Мішэлем.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на гэтае мерапрыемства яго запрасіў Орбан, які старшынюе ў Еўрарадзе, і Мішэль. Зяленскі дадаў, што стораны будуць абмяркоўваць выклікі бяспекі ў Еўропе, а таксама новыя магчымасці для ўсіх партнёраў.
Віктар Орбан ужо наведваў Украіну падчас поўнамаштабнай вайны. Гэта адбылося ў ліпені 2024 году. Тады вугорскі прэм'ер заявіў, што спыненне агню магло б забяспечыць Украіне паскарэнне тэмпу перамоў з РФ.