Ураджэнец Кіева Яўген Віндман абраны ў Кангрэс ЗША
8- 7.11.2024, 15:19
- 5,466
Ён балатаваўся ад Дэмакратычнай партыі.
У Палату прадстаўнікоў Кангрэса ЗША па выніках выбараў 5 лістапада выбраны Яўген (Юджын) Віндман — ураджэнец Украіны, брат былога супрацоўніка апарата Белага дома Аляксандра Віндмана, які быў адной з галоўных дзейных асоб справы аб імпічменце прэзідэнта Дональда Трампа ў 2019-2020 гадах.
Віндман балатаваўся ад Дэмакратычнай партыі ў 7-й акрузе штата Вірджынія. Вынікі выбараў былі падведзеныя толькі 7 лістапада, дэмакрат апярэдзіў свайго апанента-рэспубліканца з адрывам прыкладна на 5 тысяч галасоў.
49-гадовы Яўген Віндман, як адзначае AP, паднімаў падчас сваёй кампаніі тэмы права на аборты і меркаванай пагрозы дэмакратыі ў выпадку перамогі Дональда Трампа на выбарах. Раней ён служыў у войску ЗША і, гэтак жа як ягоны брат, працаваў у апараце Белага дома. «Гэта сведчанне сілы амерыканскага досведу: імігрант, які ўцёк ад савецкага рэжыму і прыехаў у гэтую вялікую краіну з менш як $800 у кішэні, зараз будзе тут абраным кангрэсмэнам Палаты прадстаўнікоў», - заявіў ён.
Браты-двайняты Віндманы нарадзіліся ў Кіеве ў тагачаснай УССР у 1975 годзе, у чатырохгадовым узросце з бацькам пераехалі ў ЗША.
У Кангрэс пераабрана яшчэ адна ўраджэнка Украіны - Вікторыя Спратц ад рэспубліканцаў.