Звесткі 90% дарослых расейцаў патрапілі ў адкрыты доступ
3- 7.11.2024, 16:35
- 3,336
Пікам выцекаў стаў мінулы год.
У адкрытым доступе цяпер знаходзяцца персанальныя звесткі амаль 90% дарослых грамадзян Расеі. Яны патрапілі ў сетку ў выніку рэгулярных выцекаў. Аб гэтым заявіў намеснік старшыні праўлення Сбербанка Станіслаў Кузняцоў.
Гаворка ідзе пра імёны і прозвішчы, нумары тэлефонаў, адрасы рэгістрацыі і электроннай пошты, а таксама іншую пашпартную інфармацыю.
Са слоў Кузняцова, пікам выцекаў звестак стаў 2023 год. Іх асноўнай крыніцай ён называе інтэрнэт-крамы і медыцынскія ўстановы. З крэдытных арганізацый, сцвярджае Кузняцоў, «выцякае» не больш за 2%.
Пры гэтым сёлета Сбербанк зафіксаваў рэкордную колькасць ашуканскіх званкоў. Іх пік прыпаў на люты-сакавік, расказаў Кузняцоў. У гэтыя месяцы аналітыкі фіксавалі амаль 20 мільёнаў спроб датэлефанавацца да грамадзян Расеі за дзень. Цяпер гэтая лічба знізілася прыкладна да 6-6,5 мільёна званкоў на дзень, дадаў намеснік старшыні Сбербанка.
Улічваючы гэтыя паказчыкі, у Сбербанку прагназуюць крадзеж у расейцаў сёлета амаль 250 мільярдаў рублёў.