Ва Украіне ліквідаваны вядомы расейскі генерал
15- 7.11.2024, 20:13
- 30,538
Ён арганізаваў канцлагер у Данецку.
Расейскі генерал Павел Кліменка, які камандаваў 5-й данецкай мотастралковай брыгадай, забіты ва Украіне.
«Учора загінуў генерал-маёр П.Ю. Кліменка», – паведаміў прарасейскі паблік ва Укантакце «Данбассэрцы Расеі».
У сваю чаргу тэлеграм-канал «Важныя гісторыі» змог пацвердзіць дакладнасць інфармацыі пра гібель расейскага генерала праз старонкі ягоных сясцёр, якія былі верыфікаваныя рэдакцыяй канала.
«Гэта 13-е паведамленне пра гібель расейскіх генералаў на поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Толькі восем з іх пацверджаныя ўладамі РФ», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак тэлеграм-канала, Кліменка арганізаваў катавальны канцлагер у Данецку, а ягоныя байцы да смерці закатавалі грамадзяніна ЗША, стрынгера RT і былога ўдзельніка вайны ў Данбасе Расэла Бэнтлі. Пасля забойства ягоны труп узарвалі, спрабуючы замесці сляды.
Цяпер чацвёра байцоў брыгады Кліменкі знаходзяцца пад следствам паводле справы аб забойстве Бэнтлі. Паводле інфармацыі ягонай жонкі, яны збіраюцца падпісаць кантракт з Мінабароны РФ і сыйсці на вайну з Украінай.