Пуцін падлабуньваецца да Трампа
22- ВІТАЛЬ ПОРТНІКАЎ
- 8.11.2024, 18:08
- 8,276
Крэмль нервуецца.
Пуцін на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай» павіншаваў Трампа з абраннем на пасаду прэзідэнта ЗША і падкрэсліў, што гатовы першым патэлефанаваць палітыку.
Той факт, што ён дагэтуль не зрабіў гэтага, Уладзімір Пуцін патлумачыў тым, што заходнія лідары, якія калісьці тэлефанавалі яму штотыдзень, раптам - такое ўражанне, што Пуцін не ведае, чаму гэта адбылося, - перасталі з ім кантактаваць.
Пуцін пачаў расказваць пра мужнасць Дональда Трампа, успамінаючы паводзіны палітыка падчас няўдалага замаху на яго жыццё. Мы бачым не проста віншаванні Трампа, а тое, як Пуцін са спрытам дасведчанага чэкіста праводзіць аперацыю па заваяванні даверу чалавека, якога ён хацеў бы выкарыстаць ва ўласных палітычных інтарэсах.
Пуцін выдатна ведае, наколькі Трамп гатовы слухаць нейкія ліслівыя для сябе словы. Менавіта таму ён паўтарае гэтыя словы аб мужнасці і смеласці Трампа, разлічваючы, што гэтыя цытаты паведамяць палітыку.
На гэтым фоне становіцца зразумела, чаму Пуцін кажа, што намеры Трампа аднавіць супрацоўніцтва з Расеяй і скончыць вайну ва Украіне заслугоўваюць увагі. Калі параўнаць гэтыя словы Пуціна з нядаўнімі заявамі расейскіх чыноўнікаў аб тым, што кіраўнік Крамля не збіраецца віншаваць новага амерыканскага прэзідэнта, то мы зразумеем, што адбыўся пэўны паварот.
Ад ідэі ігнаравання факту змены ўлады ў ЗША ў Крамлі перайшлі да аперацыі «апрацоўкі» новай улады, каб атрымаць для сябе максімальныя вынікі.
Пуцін бачыць намер Трампа пакласці канец вайне ва Украіне. Гэта можа супадаць з ягонымі жаданнямі. Аднак кіраўнік Крамля можа хацець выйсці на такую перамоўную платформу, якая прывядзе да вострай дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ва Украіне і падыграе Расеі:
Для таго, каб разыграць гэтую карту, Пуціну патрэбныя ўласныя кантакты з новым прэзідэнтам ЗША. Яму трэба прарваць уласную ізаляцыю на Захадзе і паказаць, што новае амерыканскае кіраўніцтва гатовае да аднаўлення палітычных кантактаў з Крамлём.
Нават калі перамовы паміж Украінай і Расеяй не будуць суправаджацца ніякім поспехам, сам факт таго, што Крэмль і Белы дом аднавілі дыялог, стане для Пуціна сур'ёзнай палітычнай перамогай і развяжа яму рукі для прадаўжэння вайны на знясіленне суседняй краіны.
Менавіта таму Пуціну трэба, каб Трамп убачыў, наколькі сур'ёзна расейскі кіраўнік ставіцца і да ягонай перамогі, і да ягоных паводзін падчас перадвыбарчай кампаніі. Пуцін ведае, што Трамп уважліва сочыць за тым, што пра яго гавораць сусветныя лідары.
Тут яшчэ ёсць канкурэнцыя з Уладзімірам Зяленскім. Пуцін заўважыў, што ўкраінскі прэзідэнт стаў адным з першых сусветных лідараў, які меў тэлефонную размову з Трампам. Для Пуціна гэта благі сігнал, які можа сведчыць, што ЗША і надалей будуць падтрымліваць Украіну. Таму кіраўнік Крамля хоча змяніць сітуацыю на сваю карысць.
Гэтыя заявы Пуціна з'явіліся на фоне паведамленняў, што ў камандзе Трампа рыхтуюць уласны план заканчэння вайны ва Украіне, які не прадугледжвае аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і разам з гэтым закрывае шлях еўраатлантычнай інтэграцыі нашай краіны. Усё гэта сведчыць, што Пуцін падрыхтаваў уласны парадак дня па дыялогу аб заканчэнні вайны супраць Украіны і гатовы прасоўваць яго.
Віталь Портнікаў, «24 канал»