Расейскі бізнэс расстаўся са спадзяваннямі на скасаванне санкцый пры Трампу
6- 8.11.2024, 21:18
- 5,248
Сыравінныя алігархі і топ-мэнэджары напалоханыя.
У той час як расейская дзяржпрапаганда святкуе перамогу на выбарах у ЗША Дональда Трампа, а пракрамлёўскія эксперты абмяркоўваюць скасаванне санкцый і капітуляцыю Украіны, расейскія бізнэс-эліты не спяшаюцца адкаркоўваць шампанскае.
Сыравінныя алігархі і топ-мэнэджары дзяржаўных карпарацый не чакаюць, што Трамп знізіць санкцыйны ціск на расейскую эканоміку нават у выпадку, калі канфлікт ва Украіне будзе замарожаны, паведамляе Bloomberg са спасылкай на некалькіх прадстаўнікоў найбуйнейшых кампаній.
Ніхто з іх, зазначае агенцтва, нават не спадзяецца на скасаванне санкцый, у колькасці якіх Расея стала сусветнай рэкардсмэнкай, абагнаўшы Іран, КНДР і Савецкі Саюз.
Трамп непрадказальны, тлумачаць крыніцы Bloomberg. Калі ён перамог на выбарах у 2016 годзе, дэпутаты Дзярждумы пляскалі стоячы. Акрамя таго, Трамп вывеў ЗША з дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці з Расеяй, абвінаваціўшы Крэмль у яе парушэннях.
Мільярдэр Алег Дзерыпаска, які трапіў пад санкцыі пры Трампу, і ўвогуле прадказвае Расеі змрочную будучыню. На ягоную думку, новая адміністрацыя абрынула кошты нафты да $50 за бараль, што амаль на $20 ніжэй за ўзровень, закладзены ў расейскі бюджэт.
«Многія людзі, хто блізкі да ўлады ў Маскве і хто разумее палітыку ЗША, напалоханыя перамогай Трампа, – кажа Таццяна Станавая, заснавальніца кансалтынгавай кампаніі R.Politik і старэйшая навуковая супрацоўніца Carnegie Russia Eurasia Center. – Вы можаце выпіць бутэльку віна, шчасліва танчыць, а потым атрымаць жудаснае пахмелле».
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, выступаючы на сесіі клуба «Валдай» у чацвер, павіншаваў Трампа з выбраннем і сказаў, што ягоная прапанова ўрэгулявання ва Украіне «заслугоўвае ўвагі». Ён таксама заявіў, што «гатовы» пагаварыць з Трампам, «адкрыты» да аднаўлення стасункаў з ЗША і Украінай, зыходзячы з «рэалій» на зямлі. Трамп завочна адказаў Пуціну, што таксама гатовы да размовы. У рэальнасці ніякай падрыхтоўкі тэлефоннага званка праз дыпламатычныя каналы не пачалося, паведаміў у пятніцу намеснік кіраўніка МЗС РФ Сяргей Рабкоў. У першых тэлефонных размовах з еўрапейскімі лідарамі Трамп таксама не даваў зразумець, што мае намер скарачаць ваенную дапамогу Кіеву, расказалі Bloomberg знаёмыя з дыскусіямі дыпламаты.
Трамп, які абяцаў скончыць вайну за 24 гадзіны, наўрад ці мае ўяўленне, з чым мае справу, мяркуе Томас Грэхэм, былы чыноўнік Белага дому, які адказваў за сувязі з Расеяй. «У Трампа ёсць грандыёзная візія сябе як міратворца, але няма нічога, каб паказвала, што ён прадумаў дэталі гэтага», – кажа Грэхэм.