Дроны ўдарылі па Тульскай вобласці РФ: пашкоджаны важны абаронны завод
8- 9.11.2024, 8:40
- 15,574
Прагрымела больш за дзясятак выбухаў.
У расейскай Тульскай вобласці ўночы 9 лістапада прагучалі выбухі. Паведамляецца аб нападзе БпЛА, іх, са слоў відавочцаў, было больш за дзясятак.
Верагоднай мэтай атакі мог быць хімзавод у горадзе Алексін, прадпрыемства працуе на расейскае войска, вырабляе боепрыпасы, піша «Обозреватель».
“Алексін Тульскай вобласці ўсю ноч атакуюць БПЛА, жыхары налічылі як мінімум 11 беспілотнікаў. Мясцовыя ўлады сітуацыю пакуль не каментавалі”, - паведаміла а 5 гадзіне раніцы кіеўскага часу расейскае незалежнае выданне ASTRA.
У раёне Алексіна працавала расейская супрацьпаветраная абарона. А мясцовыя жыхары выкладалі ў сеціва відэа з выбухамі.
"Мяркуецца, мэтай дронаў быў мясцовы хімкамбінат", – адзначае Telegram-канал ВЧК-ОГПУ.
Паводле версіі расейскага Мінабароны, на працягу ночы над тэрыторыяй РФ былі "знішчаны" 50 украінскіх дронаў. Больш за ўсё - над Бранскай вобласцю, там нібыта ўдалося збіць 28 БПЛА. Над Курскай вобласцю, сцвярджаюць у МА РФ, "знішчаны" 12 дронаў, над Наўгародскай - чатыры, над Смаленскай і Тульскай - па два, а над Арлоўскай і Цвярской - па адным БПЛА.
Федэральнае дзяржаўнае прадпрыемства "Алексінскі хімічны камбінат", паводле афіцыйнай інфармацыі, спецыялізуецца на выпуску палімерных і кампазіцыйных матэрыялаў, таксама яно выконвае работы ў галіне капітальнага будаўніцтва, ліквідацыі небяспечных аб'ектаў, рэкультывацыі тэрыторый.
20 ліпеня 2023 года Алексінскі хімічны камбінат патрапіў пад санкцыі ЗША, паколькі вырабляе боепрыпасы, "а таксама палімеры, лакафарбавыя матэрыялы і кампазіцыйныя матэрыялы для ваенна-прамысловага комплексу Расеі".
З 1 красавіка 2023 года камбінат уключаны ў санкцыйны спіс Украіны.
А 23 лютага 2024 года камбінат унесены ў санкцыйны спіс краін Еўразвязу з прычыны таго, што ён "пастаўляе прадукцыю на прыналежныя дзяржаве прадпрыемствы ў вытворчасці пораху, патронаў і боепрыпасаў для ўзброеных сіл РФ".
У 2023 годзе расейскія СМІ пісалі пра планы ўрада РФ уключыць гэтае прадпрыемства ў склад дзяржаўнай карпарацыі "Растэх".