Эксперт: Кітай здзекуецца з Расеі з дапамогай сваёй марыянеткі
2- 1.12.2024, 8:55
- 14,806
Маскве прапануюць дзіўную «дапамогу».
Ваенны эксперт Алег Жданаў паведаміў пра дзіўны спосаб Кітая прапанаваць ваенную дапамогу РФ праз КНДР. У Кітая ёсць шмат узбраення савецкага ўзору, боепрыпасы да якога ёсць у Расеі, але перадаюць РФ не гэта, а паўночнакарэйскую зброю, мяркуе Алег Жданаў.
Тое, чым «дзеліцца» з Расеяй КНДР, можа аказацца «аднаразовым», паколькі боепрыпасаў такіх калібраў у РФ няма, а наладзіць пастаўкі будзе няпроста.
Ваенны эксперт высмеяў дзіўную дапамогу ад Паўночнай Карэі для Расеі: «Ёсць адзін вельмі цікавы момант. Пхеньян "троліць" Расейскую Федэрацыю. Праз Кітай яны могуць пастаўляць савецкага ўзору ўзбраенне, савецкіх калібраў узбраенне, чаго ў Кітая проста нямерана. На некаторыя віды ўзбраення ў Кітая нават ёсць ліцэнзія на права вытворчасці, але Пхеньян... Не без удзелу Кітая, таму што гэта ягоная "марыянетка", ягоная "цацка", якой Кітай дэстабілізуе сітуацыю ва Усходняй Азіі. Дык вось, Пхеньян перадае РФ тыя сістэмы, якіх няма на ўзбраенні ў расейскага войска, да якіх не вырабляюцца ні запчасткі, ні боепрыпасы».
«САУ 170 мм. У Савецкім Саюзе такога калібру не было, таму без снарадаў з Пхеньяна гэтыя САУ бескарысныя. Іх блізу 50 штук перадалі. У тэмпах знішчэння – гэта 3 дні баявой працы нашых дронаў, каб знішчыць гэтыя САУ, а вось падвоз боепрыпасаў да іх з Паўночнай Карэі – гэта будзе велізарная праблема», – дапоўніў вышэйсказанае Алег Жданаў.