У Парэччы «аптымізавалі» працу вакзала
13- 1.12.2024, 16:36
- 10,298
Скарацілі штат, пакінуўшы толькі начальніка станцыі.
У аграгарадку Парэчча скарачаюць працу чыгуначнага вакзала. З супрацоўнікаў застаўся толькі начальнік станцыі, а ў выходныя дні вакзал зачынены. Да новага фармату працы вакзала гараджане паставіліся негатыўна - зараз ім даводзіцца чакаць цягнікі на дварэ.
Персанал і час працы вакзала скарацілі, піша hrodna.life.
Да лістапада 2024 года на станцыі працавалі трое дзяжурных і начальнік. Але баранавіцкае аддзяленне БЧ пастанавіла скараціць штат, пакінуўшы толькі начальніка станцыі.
Цяпер вакзал працуе паводле скарочанага раскладу: з 8:30 да 17:00 з панядзелка да пятніцы. У суботу і нядзелю патрапіць унутр вакзала нельга. Разам з ім закрываецца і аддзяленне банка, якое арандуе плошчы. Недаступная і прыбіральня.
У мясцовых жыхароў гэта выклікала абурэнне. У першую чаргу з-за таго, што зараз ім больш складана аплачваць камунальныя паслугі або абменьваць валюту. Таксама парэчане і тыя, хто прыязджае з Гародні, незадаволеныя, што ў выхадныя прыбыцця дызеля даводзіцца чакаць на дварэ, схаваўшыся пад навес.
Дызель праязджае аграгарадок чатыры разы на дзень. Найбольшай папулярнасцю ён карыстаецца ў цёплую пару года. Запаўняльнасць вагонаў - да 600 чалавек.
Вакзал не закрываюць, а «аптымізуюць»
Прычына такіх новаўвядзенняў - аптымізацыя працы вакзала і ўвядзенне тэхналогіі «бязлюднай язды», расказаў намеснік начальніка Баранавіцкага аддзялення БЧ Дзмітрый Гарус.
З ягоных слоў, канчаткова зачыняць вакзал не будуць. А аптымізацыя з'яўляецца «вымушанай мерай», бо прыбытак ад састарэлых дызеляў не кампенсуе выдаткі на іх утрыманне.
Найстарэйшы вакзал Беларусі
Вакзал у Парэччы - самы стары ў Беларусі. Яго адкрылі ў 1862 годзе. На вакзале дзейнічае музей, а кожны год летам у Парэччы праходзіць «свята вакзала».