Са студзеня ЕЗ плануе выдаваць Украіне штомесяц па €1,5 мільярда
4- 1.12.2024, 19:22
- 1,946
Сродкі будуць выдадзеныя з даходаў ад расейскіх актываў.
Еўрапейскі Звяз у снежні гэтага года выдасць Украіне дадатковыя €4,2 млрд на падтрымку бюджэту, а пачынаючы са студзеня 2025 года ЕЗ плануе выдаваць кожны месяц €1,5 млрд.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Еўрапейскай рады Антоніу Кошта на прэс-канферэнцыі ў Кіеве 1 снежня паводле вынікаў сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, піша Інтэрфакс-Украіна.
Кошта патлумачыў, што гэтыя сродкі «паступаюць з даходаў ад расейскіх актываў і могуць быць таксама выкарыстаныя ў вайсковых мэтах».
Таксама прэзідэнт Еўрарады сказаў, што ЕЗ рыхтуе 15-ы пакет санкцый супраць пуцінскага рэжыму.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што фінансавыя механізмы выкарыстання даходаў ад замарожаных актываў РФ для дапамогі Украіне запрацуюць у студзені 2025 года.
«Палітычна ўжо ўсё забяспечана, каб сродкі з расейскіх актываў пачалі рэальна дапамагаць Украіне, так што ў студзені павінны пачаць працу асобныя фінансавыя механізмы, і гэта прынцыпова для Украіны — расейскія актывы павінны працаваць для абароны ад расейскай агрэсіі», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што «рэгулярныя раты на наступны год істотна падтрымаюць фінансавую стабільнасць ва Украіне».
Акрамя таго, Кошта паведаміў, што ЕЗ і Украіна будуць працаваць разам над тым, каб у «першай палове наступнага года адкрыць як мінімум два кластары перамоў аб еўрапейскай інтэграцыі».
Зяленскі падкрэсліў важнасць адкрыцця перамоўных кластараў, адзначыўшы, што «абсалютна рэальна, паралельна з перамоўным працэсам, забяспечваць паступовую інтэграцыю Украіны ва ўнутраны рынак еўрапейскай сілы».
«У нашым парадку дня таксама праца з NАТО, забеспячэнне для Украіны NАТО -неабходная рэч для нашага выжывання. Мы працуем на ўсіх узроўнях, каб узмацніць пазіцыі Украіны для ўсяго еўраатлантычнай супольнасці», — заявіў прэзідэнт Украіны.