Bloomberg: Адміністрацыя Байдэна рыхтуе жорсткія санкцыі супраць экспарту расейскай нафты
2- 11.12.2024, 9:56
- 3,582
Яны могуць закрануць і ценявы флот Пуціна.
Адміністрацыя дзейнага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна зараз разглядае ўвядзенне больш жорсткіх санкцый у дачыненні да гандлю расейскай нафтай.
Пра гэта паведамляе Bloomberg.
Падрабязнасці магчымых новых мер усё яшчэ прапрацоўваюцца, аднак са звестак крыніц выдання, каманда Байдэна разглядае абмежаванні, якія могуць закрануць некаторыя віды расейскага экспарту нафты.
Агенцтва адзначае, што прэзідэнт ЗША доўга супраціўляўся такой пастанове праз асцярогу, што яна можа справакаваць скачок коштаў на энэрганосьбіты, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у лістападзе.
"Аднак ва ўмовах падзення коштаў нафты на фоне глабальнага лішку і асцярог, што Трамп можа паспрабаваць прымусіць Украіну ўкласці хуткае пагадненне з Расеяй, каб пакласці канец амаль трохгадовай вайне, адміністрацыя Байдэна зараз адкрытая да больш агрэсіўных дзеянняў", – кажуць крыніцы Bloomberg.
Са звестак агенцтва, абмеркаванні сведчаць аб большай гатоўнасці каманды Байдэна ісці на рызыку ў супрацьстаянні з Расеяй у сітуацыі заканчэння яе кадэнцыі. Да таго ж, гатоўнасць абумоўленая яшчэ і тым, што папярэднія спробы абмежаваць энэргетычныя даходы Расеі далі неадназначныя вынікі, а сярэднія цэны на бэнзін у ЗША дасягнулі самага нізкага ўзроўню з сярэдзіны 2021 года.
У апошнія тыдні сваёй працы, адміністрацыя таксама пастанавіла павялічыць вайсковую і фінансавую падтрымку Украіны праз сумневы ў далейшай падтрымцы з боку ЗША камандай Трампа.
Магчымыя санкцыі супраць ценявога танкернага флоту
Са слоў крыніц Bloomberg, адміністрацыя Байдэна таксама абдумвае ўвядзенне новых санкцый, накіраваных на танкерны флот, які Расея выкарыстоўвае для транспартавання сваёй нафты. Новыя абмежаванні на так званы "ценявы флот" могуць быць апублікаваныя ў найбліжэйшыя тыдні.
Агенцтва таксама дадае, што Еўрапейскі Звяз да канца года плануе ўвесці аналагічныя абмежаванні ў дачыненні да "ценявага флоту" РФ. Чакаецца, што санкцыі ЕЗ таксама будуць накіраваныя на фізічных асоб, якія ўдзельнічаюць у гандлі (расейскай нафтай. - рэд.).