26 снежня 2024, Чацвер, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі беларусам патрэбна для камфортнага жыцця?

29
Колькі беларусам патрэбна для камфортнага жыцця?
Фота: nashaniva.com

Адказ на гэтае пытанне блогер паспрабаваў знайсці ў беларусаў розных узростаў на вуліцы.

Серыю відэа з адказам на пытанне: "Колькі вам трэба, каб камфортна жыць?" размясціў адзін з беларускіх блогераў у сваім цік-току.

Адна з жанчын адказала, што для такога жыцця яе пенсія мусіць быць 3000-4000 рублёў. На ейную думку, наяўнасць такіх грошай дазволіць ёй з'ездзіць куды-небудзь на адпачынак.

Суму на 3000 рублёў назвала і іншая жанчына пенсійнага ўзросту. Калі ў яе спыталі, кім трэба працаваць, каб столькі зарабляць, жанчына адказала:

“Статыстыка кажа, што недзе і дактары атрымліваюць столькі, і выкладчыкі. Але не ведаю”.

Сталы мужчына заўважыў, што маладым людзям для камфортнага жыцця патрэбна 4000 рублёў. Іншая жанчына дастаткова сталага ўзросту заўважыла, што для маладых патрэбна сума на пяць тысяч:

“Гэта дакладна. Кожны павінен зарабляць, муж ці жонка. Пяць тысяч - гэта самы мінімум, які цяпер з тымі цэнамі, што ў крамах”.

Калі ж блогер пацікавіўся ў моладзі, то такой аднадушнасці не было. Так, адзін з суразмоўцаў спачатку адказаў, што яму будзе дастаткова 1500 рублёў. Пасля ўдакладнення, ці сапраўды гэтага яму досыць для камфортнага жыцця, крыху падумаўшы, малады чалавек павялічыў суму ўдвая.

“А вось бабулі кажуць, што пяць тысяч”, - заўважыў блогер і пачуў у адказ: “Дык лекі ў іх дарагія”.

“Дакладна не менш за дзве тысячы [рублёў]. Гэта калі чалавек адзін жыве, эканоміць”, - выказала сваё меркаванне дзяўчына і дадала, што сума для камфортнага жыцця вельмі індывідуальная:

“Ва ўсіх свае запыты. Камусьці зусім не патрэбна тое, што я купляю, кажуць, што я марнатраўца страшная”.

На заўвагу, што пенсіянеры называлі суму на пяць тысяч, суразмоўніца адказала: "Гэта людзі проста так называюць лічбы". Пасля разважанняў яна назвала суму на 4000 рублёў.

Для таго, каб не глядзець на кошты ў крамах, маладой дзяўчыне — гераіні іншага роліка трэба было б не менш за тысячу даляраў.

А вось яшчэ адная дзяўчына адказала, што для камфортнага жыцця сума павінна быць на ўзроўні $3000. Яна мяркуе, што такія грошы ў Беларусі можна зарабіць, калі ёсць бізнэс або працуеш "самым топавым" праграмістам. Іншых магчымасцяў яна не бачыць.

Жанчына сярэдняга ўзросту выказала меркаванне, што для камфортнага жыцця неабходна 6000 рублёў. І такія грошы могуць зарабляць праграмісты.

Але нельга лічыць, што ўсе беларусы вельмі патрабавальныя да вялікіх даходаў.

Больш за 300 тысяч праглядаў набрала відэа, гераіня якога выказала цвёрдую думку, што ёй для камфортнага жыцця хапіла б 1000 рублёў.

Адзін з гледачоў пракаментаваў гэтае відэа наступным чынам: «Гэта Настачка з казкі “Марозка” — “Ці цёпла табе, дзяўчына, ці цёпла табе, прыгажуня?” — “Цёпла, бацюхна, цёпла…”.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках