Больш, чым пад Сталінградам: колькі тэхнікі страціла РФ у бітвах за Пакроўск
1- 11.12.2024, 10:52
- 6,526
Страты Расеі блізкія да колькасці ўсёй Заходняй вайсковай акругі РФ.
УС РФ працягваюць наступ на Пакроўск у Данецкай вобласці. Аднак «бітва пад Пакроўскам» ужо стала найбуйнейшай бітвай не толькі вайны Расеі супраць Украіны, але і стала адной з найбуйнейшых бітваў у гісторыі ў колькасці страчанай бранятэхнікі. Пра гэта піша ваенны журналіст Уладзімір Дацэнка.
У суполцы на Х Дацэнка адзначае, што ў спробах захапіць Пакроўск страты Расеі блізкія да колькасці ўсёй Заходняй вайсковай акругі Расеі на 2022 год, які рыхтаваўся да вайны з NАТО. А гэта блізу 60% ад сіл, якімі Расея планавала захапіць Украіну за тры дні ў 2022 годзе.
Толькі візуальна пацверджаныя страты расейскага войска за 13 месяцаў баёў у раёне Пакрова складаюць 1800 адзінак бранятэхнікі. Рэальныя страты яшчэ большыя.
Лічбы страт наступальнай тэхнікі Пакроўскага раёна на 15 лістапада 2024 года сцісла складаюць:
больш за 580 танкаў;
больш за 1220 розных баявых машын;
блізу 10 артылерыйскіх установак;
больш за 150 тысяч салдат УС РФ.
Колькасць страт расейцаў у Пакроўскай бітве блізкая да колькасці Заходняй вайсковай акругі на 2022 год, у склад якой уваходзілі тры арміі: 1-я танкавая армія, 6-я і 20-я агульнавайсковыя арміі.
Заходняя вайсковая акруга Расейскай Федэрацыі павінна была супрацьстаяць «узброеным сілам NАТО на тэрыторыі Еўропы», а Першая танкавая армія была самым вялікім гонарам Пуціна і самым буйным танкавым войскам свету.
Варта адзначыць, што ўсе гэтыя рэсурсы былі выдаткаваныя падчас наступу на два невялікія гарады: Аўдзееўку і Пакроўск, насельніцтва якіх да вайны складала блізу 95 тысяч чалавек.
«Расея страціла пад Пакроўскам больш танкаў, чым кожная краіна Еўропы мае ў сваім войску. Ці больш салдат, чым усе Узброеныя сілы Вялікабрытаніі. Памятайце пра гэта, калі будзеце чытаць навіны пра баі за невялікае мястэчка на ўсходзе Украіны. Магчыма, у будучыні гісторыкам давядзецца перагледзець тэрмін «Пірава перамога» і замяніць яго на «наступ Пуціна», — адзначае Дацэнка.
Але не відаць, што Уладзімір Пуцін і ягоныя генералы здольныя адмовіцца ад далейшага наступу на Пакроўск, чаго б гэта ні каштавала расейскаму войску.
Цяпер страты расейцаў у бранятэхніцы пад Пакроўскам перавышаюць страты нямецкага войска ў Сталінградскай бітве. Пакроўская бітва можа стаць адным з найбуйнейшых наступаў у гісторыі ў колькасці страчанай бранятэхнікі, сцвярджае Дацэнка.
На кожны кіламетр акупаванай тэрыторыі ў гэтым кірунку Расея страчвае ў 10-15 разоў больш рэсурсаў, чым па ўсіх кірунках. І гэта сведчыць пра вар'яцкую апантанасць Пуціна паказаць усім, што расейскае войска не спыняецца, а працягвае наступаць нават коштам вялізных страт.
«Магчыма, у найбліжэйшыя месяцы нас чакаюць не менш жорсткія баі і лабавыя атакі расейскага войска. Гэтыя месяцы стануць кульмінацыяй Пакроўскага наступу. Наступ, у якім Расея страціць тры арміі, каб зацвердзіць амбіцыі свайго дыктатара», - рэзюмуе Дацэнка.