11 снежня 2024, Серада, 22:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ вылучыць 170 млн еўраў на агароджу на мяжы з Беларуссю і РФ

13
ЕЗ вылучыць 170 млн еўраў на агароджу на мяжы з Беларуссю і РФ

52 млн еўраў будзе вылучана Польшчы.

Шэсць еўрапейскіх краінаў, якія суседзяць з Расеяй і Беларуссю, атрымаюць 170 млн еўраў на абарону сваіх межаў, паведаміла старшыня Еўракамісіі (ЕК) Уршуля фон дэр Ляен. 52 млн еўраў будзе вылучана Польшчы, яшчэ 50 млн – Фінляндыі. Таксама ў спісе Латвія (17 млн еўраз), Літва (15,4 млн), Эстонія (19,4 млн) і Нарвегія (16,4 млн).

Дэр Ляен адзначыла, што такая пастанова была прынятая, паколькі гэтыя краіны «мужна ахоўваюць» знешнія межы ЕЗ «ад пагрозаў усіх формаў, што зыходзяць з Расеі і Беларусі». Паводле ейных словаў, грошы пойдуць на мадэрнізацыю абсталявання электроннага назірання, паляпшэнне тэлекамунікацыйных сетак, разгортванне мабільных сродкаў выяўлення і супрацьдзеянне беспілотнікам.

Заява прагучала на пасяджэнні выканаўчай калегіі ЕЗ, якая абмяркоўвала «гібрыдныя пагрозы ад выкарыстання міграцыі ў якасці зброі Расеяй і Беларуссю». Там адзначылі, што ў 2024 годзе колькасць нелегалаў, якія спрабуюць патрапіць у ЕЗ праз беларускую мяжу, павялічылася на 66% у параўнанні з 2023 годам. 90% такіх мігрантаў мелі расейскую студэнцкую ці турыстычную візу. У ЕК падкрэслілі, што Расея і Беларусь выкарыстоўваюць людзей «у якасці палітычнага інструменту для дэстабілізацыі», эксплуатуючы прынцып ЕЗ аб праве на прытулак, і гэтыя дзеянні «патрабуюць узмоцненага адказу пры поўным захаванні еўрапейскага і міжнароднага права».

Раней паведамлялася, што балтыйскія краіны і Польшча збіраюцца пабудаваць на мяжы 700-кіламетровую лінію абароны. Паводле папярэдніх ацэнак, праект, закліканы забяспечыць абарону ад уварвання і іншых «шкодных дзеянняў» Расеі і Беларусі, абыдзецца на 2,5 млрд еўраў. Лідары еўрапейскіх краінаў падкрэслівалі, што з'яўленне падобнай інфраструктуры на ўсходняй мяжы сярод іншага дасць магчымасць развязаць праблему гібрыдных пагрозаў, якія ўключаюць дэзынфармацыю, кібератакі, эканамічны націск і спробы стварыць міграцыйны крызіс. Польскі прэм'ер Дональд Туск гаварыў, што ім удалося пераканаць партнёраў у ЕЗ прафінансаваць гэты праект.

Раней Польшча пастанавіла выдаткаваць 2,3 млрд еўраў на абарончыя бункеры, траншэі і равы ўздоўж мяжы з Расеяй і Беларуссю. У сваю чаргу Латвія, Літва і Эстонія збіраліся пабудаваць больш за 1 тыс. бетонных бункераў, усталяваць міны і зубы дракона, а таксама пракласці калючы дрот на ўсходняй мяжы ў рамках агульнай «Балтыйскай лініі абароны».

Эстонія пачне ўзводзіць гэтыя будынкі налета. Улады збіраюцца ўсталяваць на мяжы з Расеяй 600 бункераў, супрацьтанкавыя загароды, агароджу з калючага дроту і буі з лёзамі на водных рубяжах. Паводле папярэдніх ацэнак, толькі на сховішчы спатрэбіцца 60 млн еўраў.

Пасля ўварвання Расеі ва Украіну краіны Балтыі значна павысілі выдаткі на абарону. Выдаткі Літвы, Эстоніі і Латвіі на гэтыя мэты сёння складаюць 1,8 млрд еўраў, 1 млрд еўраў і 970 млн еўраў адпаведна, падлічваў Стакгольмскі міжнародны інстытут даследаванняў праблемаў міру. У сваю чаргу Польшча выдаткоўвае на абарону 4,2% ад ВУП, у 2025 годзе гэты лік вырасце да 4,7% ці $46 млрд.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках