Зяленскі: Мы з Трампам на адным баку
19- 11.12.2024, 20:34
- 2,228
Паводле словаў прэзідэнта Украіны, яны абодва хочуць закончыць вайну хутка і справядліва.
Каманды прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зелянскага і новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пачалі супрацоўнічаць больш. Аднак поўнае супрацоўніцтва будзе толькі пасля інаўгурацыі Трампа.
Пра гэта заявіў сам Зяленскі ў інтэрв'ю для СBN.
«У нас былі папярэднія званкі і сустрэча была. Нашы каманды цяпер працуюць, пачалі працаваць больш. Але безумоўна, толькі пасля інаўгурацыі мы зможам ва ўсіх дэталях разбірацца. Гэта будзе юрыдычна чыста. Гэта, зразумела, і пазіцыя ЗША», – расказаў Зяленскі.
Паводле ягоных словаў, цяпер ідзе пошук усіх магчымасцяў, каб скончыць гэтую вайну хутчэй і справядліва.
«Тут, мне падаецца, мы з новым прэзідэнтам ЗША на адным баку. Ён сапраўды хоча закончыць вайну. Мы, украінцы, вельмі хочам закончыць. Ён разумее, што Амерыка не можа быць слабай, не можа саступіць Украіну. І гэта правільна, бо ўсё скончыцца не Украінай. Калі Украіна будзе слабая, калі пазіцыя ЗША будзе не моцнай, то выбухі вайны будуць у іншых кутках свету», – сказаў прэзідэнт.
На думку Зяленскага, гаворка не толькі пра Еўропу, але і аб Ціхаакіянскі рэгіён.
«Калі зло не паставіць на месца, то гэта будзе прыкладам для іншых аўтарытарных дзяржаваў», – падкрэсліў ён.