«Пазіцыі Расеі сур'ёзна аслабленыя»
2- 12.12.2024, 11:12
- 4,312
Што будзе з міжнароднай палітыкай Крамля праз падзенне рэжыму Асада.
Расея актыўна падтрымлівала дыктатарскі рэжым Башара Асада ў Сірыі. Бо гэта давала Уладзіміру Пуціну магчымасць захоўваць уплыў на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы і выкарыстоўваць гэты рэгіён для ўласнай карысці.
У эфіры«24 Канала» спецыяліст у стратэгічных камунікацыях Юры Багданаў расказаў, як Пуцін выкарыстоўваў Сірыю для ўласных патрэбаў і што будзе праз падзенне рэжыму Асада.
Да чаго для Расеі прывядзе падзенне рэжыму Асада
Афрыка і Блізкі Усход багатыя на прыродныя і чалавечыя рэсурсы, якія Расея магла выкарыстоўваць наўпрост. Напрыклад, у Сірыі краіна-агрэсарка дэ-факта адціснула радовішчы нафты і фасфатаў – аднаго з ключавых угнаенняў для сельскай гаспадаркі.
«Увогуле Крэмль выкарыстоўваў Сірыю як свой рэсурсны прыдатак. Таксама Сірыя дапамагала Расеі лагістычна і камунікацыйна забяспечыць расейскую прысутнасць у Афрыцы. Гэта была прамая сіла Расеі», – сказаў Багданаў.
Акрамя гэтага, Крэмль выкарыстоўваў Сірыю апасродкавана. Сярод іншага, Расея выкарыстоўвала сірыйскі міграцыйны крызіс, які Крэмль стварыў разам з Асадам. Бо мільёны сірыйцаў былі змушаныя ратавацца ад вайны ў Турцыі, Саудаўскай Аравіі і Еўропе.
«Падзенне рэжыму Асада і скарачэнне расейскай палітычнай прысутнасці прывядзе да таго, што Расея будзе менш праецыраваць сваю сілу ў Афрыку, на Блізкі Усход і апасродкавана ў Еўропу. Адпаведна эканамічныя, палітычныя, ваенныя перамоўныя пазіцыі Расеі сур'ёзна аслабнуць», – адзначыў спецыяліст у стратэгічных камунікацыях.
Паводле ягоных словаў, галоўная прычына таго, што расейцы не змаглі дапамагчы Башару Асаду ў тым, што цяпер усе магчымыя расейскія сілы задзейнічаныя ў вайне ва Украіне. Гэта дадаткова дэманструе нашым партнёрам, нейтральным краінам, напрыклад Індыі, і самім расейцам, што Пуціну не стае сілаў, арганізаваць сваю прысутнасць на некалькіх тэатрах баявых дзеянняў.
У якім становішчы Іран
Іран страціў галоўнага больш-менш легітымнага хаўрусніка. У яго засталася толькі «Хезбала», якая сур'ёзна пацярпела ў выніку вайны з Ізраілем, і хусіты, якія залежаць ад таго, наколькі Злучаныя Штаты гатовыя дзейнічаць праактыўна супраць гэтай групоўкі ў Емене.
«Магчымасці Ірана таксама звузіліся, і цяпер дадатковая ўвага будзе непасрэдна накіраваная не супраць яго проксі, а супраць самога Тэгерана», – дадаў Багданаў.