Ярмак: Мірнага плану адміністрацыі Трампа пакуль не існуе
11- 12.12.2024, 21:36
- 3,098
Украіна яго не бачыла.
Мірнага плану каманды Дональда Трампа датычна расейска-ўкраінскай вайны цяпер не існуе, украінскі бок яго не бачыў. Пра гэта заявіў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак у інтэрв'ю «Суспільнаму».
Журналіст спытаў: ці вядома чыноўніку пра патэнцыйны мірны план Кіта Келага, будучага спецпрадстаўніка Трампа датычна Украіны і Расеі.
«Давайце, для таго каб паставіць кропку ў гэтым: ніякага плану пакуль не існуе і дакладна мы яго не бачылі... Мы ведаем, што існуе некалькі меркаванняў, некалькі пазіцый, яны абмяркоўваюцца», – адказаў Ярмак.
Паводле ягоных словаў, падчас сустрэчы з амерыканскімі палітыкамі тыя «слухалі, ім было ўсё цікава, яны задавалі пытанні, вельмі глыбокія пытанні».
Кіраўнік ОП адзначыў, што ягоныя суразмоўцы хацелі атрымаць больш інфармацыі. На думку чыноўніка, для Украіны цяпер галоўнае даць партнёрам усю інфармацыю, сваю пазіцыю і растлумачыць яе.
Сярод іншага, Украіне неабходна растлумачыць, чаму для яе не падыходзіць проста спыненне агню – у гэтым кантэксце Ярмак нагадаў пра такія дамоўленасці падчас Нармандскага фармату (да поўнамаштабнага ўварвання), калі расейцы парушалі спыненне агню «за некалькі дзён» пасля падпісання.
Таксама чыноўнік паведаміў, што не бачыўся з Келагам падчас апошняга візіту ў ЗША, але сустракаўся з ім да ягонай намінацыі ў каманду Трампа.