У Малдове ўвялі надзвычайнае становішча
6- 13.12.2024, 14:58
- 7,774
Ініцыятыву ўрада ўхваліў парламент краіны.
З панядзелка, 16 снежня, у Малдове на 60 дзён уводзяць надзвычайнае становішча ў энэргетыцы праз рызыкі спынення паставак расейскага газу ў непрызнанае Прыднястроўе. Адпаведнае прадстаўленне ўрада ўхваліў парламент краіны, паведамляе «Радыё Свабода».
Прэм'ер-міністр Дорын Рэчан растлумачыў, што такая мера неабходна, паколькі "Газпрам" можа спыніць пастаўкі газу на левы бераг Днястра. Гэта ў сваю чаргу можа прывесці да гуманітарнага крызісу ў рэгіёне, бо Кучурганская станцыя, што на тэрыторыі непрызнанага Прыднястроўя, пастаўляе газ таннымі тарыфамі і забяспечвае амаль 70% унутраных патрэб краіны. У той жа час правы бераг Днястра ў Малдове энэргетычна незалежны ад "Газпрама".
“Мы павінны зрабіць так, каб гэтая зіма стала апошняй, калі Крэмль будзе ўплываць на нашую бяспеку. Мы пазбеглі газавага шантажу на правым беразе і зможам пазбегнуць энэргетычнага шантажу, як толькі закончыцца будаўніцтва высакавольтнай лініі Кішынёў-Вулкенешць”, - сказаў кіраўнік урада.
Ва ўрадзе баяцца, што магчымы гуманітарны крызіс паўплывае на блізу 300 тысяч грамадзян Малдовы, якія рызыкуюць застацца без газу, святла і дастатковай колькасці грошай, каб купляць прадукты пасярод зімы.
Дэпутаты-сацыялісты і камуністы спрабавалі выставіць вотум недаверу ўраду, абвінавачваючы яго ў неэфектыўным кіраванні сітуацыяй у энэргетычнай сферы, аднак вотум быў няўдалы, бо яго падтрымалі толькі 18 дэпутатаў ад апазіцыі.