Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ўцёкаў Асада з Сірыі.
- 14.12.2024, 8:43
- 10,326
Дыктатар кінуў сваякоў і чыноўнікаў на волю лёсу.
Кіраўнік Сірыі Башар Асад таемна ўцёк у Маскву і пакінуў сваякоў і чыноўнікаў на волю лёсу. Нават у ягоным атачэнні не ведалі пра ягоныя планы пакінуць краіну. Пра гэта піша выданне Reuters..
Як расказалі выданню крыніцы, Асад амаль нікому не расказваў пра свае планы збегчы з Сірыі пасля краху ягонага кіравання. Затое памагатых, службоўцаў і нават сваякоў ашукалі і трымалі ў няведанні.
За некалькі гадзінаў да таго, як ён уцёк у Маскву, Асад сабраў блізу 30 кіраўнікоў войска і службаў бяспекі ў Міністэрстве абароны і супакоіў іх, што расейская вайсковая падтрымка набліжаецца. Таксама заклікаў Сухапутныя войскі трымацца. Пра гэта расказаў адзін з камандзіраў на ўмовах ананімнасці.
Паводле словаў аднаго з памочнікаў чыноўніка, набліжанага да Асада, ён сказаў кіраўніку свайго прэзідэнцкага офіса, што скончыў працу і збіраецца дадому, але замест гэтага накіраваўся ў аэрапорт.
Асад таксама патэлефанаваў сваёй дарадцы ў СМІ Бутаіні Шаабан і папрасіў яе прыйсці да яго дадому, каб напісаць яму прамову, сказаў памочнік, але калі жанчына прыйшла, то ўбачыла, што дома ў Асада нікога няма.
«Асад нават не вытрымаў. Ён нават не з'яднаў уласныя войскі. Ён дазволіў сваім прыхільнікам сутыкнуцца з уласным лёсам», – сказаў Надзім Гуры, выканальны дырэктар рэгіянальнага аналітычнага цэнтра Arab Reform Initiative.
Паводле словаў трох памочнікаў, Асад нават не паведаміў свайму малодшаму брату Махеру, камандзіру элітнай 4-й бранятанкавай дывізіі арміі, пра свой план адыходу. Паводле словаў адной з крыніцаў, Махер паляцеў на гелікаптэры ў Ірак, а потым у Расею.
Стрыечныя браты Асада па матчынай лініі, Эхаб і Эяд Махлуф, таксама засталіся ў Сірыі. Яны на аўто спрабавалі ўцячы ў Ліван, але па дарозе натрапілі на паўстанцаў, якія застрэлілі Эхаба і паранілі Эяда. Афіцыйнага пацверджання іх смерці не было.
Сам Асад збег з Дамаска на самалёце ў нядзелю, 8 снежня, што паклала канец ягонаму 24-гадоваму кіраванню і паўвекавой бесперапыннай уладзе ягонай сям'і, а таксама спыніла 13-гадовую грамадзянскую вайну ў краіне.
Апошні прэм'ер-міністр Асада Махамед Джалалі сказаў, што размаўляў са сваім тагачасным прэзідэнтам праз тэлефон у суботу ўвечары 7 снежня ў 22:30.
«Падчас нашага апошняга званка я расказаў яму, наколькі складаная сітуацыя, і што існуе вялізнае перамяшчэнне (людзей) з Хомса ў бок Латакіі, і што на вуліцах пануе паніка і жах. Ён адказаў: “Заўтра ўбачым. Заўтра, заўтра” – апошняе, што ён мне сказаў», – расказаў ён саудаўскаму тэлеканалу Al Arabia TV.
Джалалі паведаміў, што паспрабаваў зноў патэлефанаваць Асаду раніцай наступнага дня, але адказу не было.