Названая прычына пажару ў ГЦ у Віцебску
7- 19.12.2024, 11:42
- 7,050
Вызначаны асяродак пажару.
Спецыялісты паведамілі, што магло стаць прычынай пажару ў гандлёвым цэнтры "Беларусь" у Віцебску.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз Аляксей Волкаў заявіў, што агляд месца здарэння скончаны. Спецыялісты заўважылі "непраектныя змены, якія ўнесены ў электраправодку".
Таксама экспэрты сказалі аб прыкметах працы электрасетак у аварыйным рэжыме - гэта значыць аб кароткім замыканні.
"Вызначаны асяродак пажару паводле характэрных прыкмет, ён складаў 20 на 20 метраў", – удакладніў Аляксей Волкаў.
Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры здарыўся ў пятніцу, 13 снежня. Да медыкаў трапілі 20 чалавек, у тым ліку супрацоўнікаў Міністэрства надзвычайных сітуацый. На 18 снежня ў лякарнях заставаліся дзевяць пацярпелых, прычым адная жанчына - у цяжкім стане.