Пуцін адзначыўся антысеміцкім выпадам на адрас уладаў Украіны
- 19.12.2024, 19:33
- 7,302
Дыктатар РФ заявіў, што ганенні на РПЦ ва Украіне ладзяць «габрэі».
Забарона дзейнасці Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) ва Украіне была нібыта ініцыяваная «этнічнымі габрэямі». Такое меркаванне выказаў Уладзімір Пуцін падчас «Вынікаў года» — новага фармату, які аб'яднаў жывую лінію і вялікую прэс-канферэнцыю.
«Яны ж нават не атэісты, гэтыя людзі. Атэісты - гэта таксама людзі, якія ў нешта вераць. Яны вераць у тое, што бога няма. Але гэта іх вера, іх перакананне. А гэта не атэісты. Проста гэта людзі ўвогуле без усялякай веры, такія бязбожнікі. Бо яны этнічныя габрэі», - заявіў Пуцін, дадаўшы, што іх дзеянні «ім яшчэ адгукнуцца».
Затым прэзідэнт Расеі назваў украінскую ўладу «этнічнымі габрэямі».
«Яны, магчыма, этнічныя габрэі, але хто іх бачыў у сінагогах? Па-мойму, ніхто. Яны быццам і не праваслаўныя, бо ў цэрквах таксама не бываюць. Яны, вядома, і не прыхільнікі ісламу, бо і ў мячэці яны ці наўрад з'яўляюцца. Гэта людзі без роду і племя», - сказаў кіраўнік Крамля.
Са слоў дыктатара РФ, тыя, што не маюць дачынення да забароны РПЦ ва Украіне «не маюць ні роду, ні племя». Ён падкрэсліў, што гэтых людзей «ніхто не бачыў ні ў сінагогах, ні ў цэрквах, ні ў мячэцях». «Ім нічога не дорага, што дорага нам і пераважнай частцы ўкраінскага народа. Яны ўцякуць калісьці і будуць хадзіць не ў царкву, а на пляж», - сказаў Пуцін.
У жніўні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў закон «Аб забароне дзейнасці ва Украіне рэлігійных арганізацый, звязаных з Расеяй». Дакумент забараняе дзейнасць Рускай праваслаўнай царквы і афіляваных з ёй рэлігійных структур. У першую чаргу закон датычыцца Украінскай праваслаўнай царквы (УПЦ), раней вядомай як УПЦ МП (Маскоўскага патрыярхату). Таксама дакумент уводзіць забарону на прапаганду ідэалогіі «расейскага свету», уключаючы яе прасоўванне праз рэлігійныя арганізацыі.
Незадоўга да падпісання закону Зяленскі заяўляў, што Расея выкарыстоўвае царкву як інструмент для падаўлення незалежнасці іншых дзяржаў і абмежавання свабодаў грамадзян.