Паблізу галоўнай базы Паўночнага флоту РФ у Мурманску прагрымелі магутныя выбухі
12- 19.12.2024, 21:28
- 18,760
Хвалі ад іх адчулі на адлегласці некалькіх дзясяткаў кіламетраў.
У Расеі жыхары Мурманска і размешчанага за 12 км ад яго Севераморска напярэдадні заяўлялі пра гукі выбухаў. Яны маглі адбыцца непадалёк ад галоўнай ваенна-марской базы Паўночнага флоту РФ.
Пра гэта паведамляе Telegram-канал «Крымский ветер» і The Barents Observer.
Паводле звестак «Крымскага ветру», выбухі былі чуваць учора ўвечары. Мясцовыя заяўляюць, што хвалі ад іх адчулі на адлегласці некалькіх дзясяткаў кіламетраў.
Таксама адзін з выбухаў патрапіў на відэа. Мяркуючы з кадраў, здарэнне магло адбыцца на адным са шматлікіх вайсковых аб'ектаў у раёне галоўнай ваенна-марской базы Паўночнага флоту Расеі, размешчанай у Севераморску, і двух ваенных аэрадромаў.
А вось The Barents Observer удалося ідэнтыфікаваць, што за 13 км ад месца здымкі размешчаны ваенны аэрадром «Севераморск-1». Там базуюцца расейскія знішчальнікі, бамбавікі і эскадрылля гелікаптэраў Ка-27.
Пры гэтым на адлегласці 11 км размешчаны адкрыты склад зброі, а на паўночны захад ад «Севераморска-1» размешчаныя некалькі ўстановак з мабільнымі зенітнымі ракетамі і антэнамі для радыёэлектроннай барацьбы.
Таксама паміж Севераморскам і Мурманскам размешчаны закрыты ваенны аэрадром «Севераморск-2», які ў пачатку 2024 года пачалі аднаўляць.
Мяркуючы з відэа, выбух падобны да дэтанацыі вялікай колькасці боепрыпасаў.
Варта заўважыць, што Севераморск размешчаны за 1900 км ад мяжы з Украінай. А таксама за 100 км на поўдзень ад аэрадрома «Аленья», куды ўжо даляталі ўкраінскія беспілотнікі.