Саудаўская Аравія выцясняе Расею з нафтавага рынку Азіі
2- 2.12.2024, 20:37
- 7,926
Падрабязнасці.
Краіны Азіі павялічваюць набыццё нафты ў Саудаўскай Аравіі і скарачаюць у Расеі. На гэта накладаецца агульнае зніжэнне попыту на нафту ў рэгіёне. Налета канкурэнцыя сярод пастаўшчыкоў можа яшчэ больш абвастрыцца.
Аб'ёмы паступлення саудаўскай нафты ў краіны Азіі традыцыйна перавышаюць расейскія. Але апошнія тры месяцы пазначылася павелічэнне разрыву, які ў лістападзе стаў асабліва істотным. Сярэднясутачны імпарт саудаўскай нафты вырас з 5,28 млн у кастрычніку да 5,83 млн бараляў, паводле звестак LSEG Oil Research, а расейскай – упаў з 3,96 млн да 3,51 млн, самага нізкага ўзроўню са студзеня.
Такім чынам, разрыў у месячных пастаўках склаў 2,32 млн бараляў; такога сёлета яшчэ не было.
Імпарт нафты ў Азію з Саудаўскай Аравіі і Расеі
Расея ў імкненні атрымаць валюту за сваю нафту спадзяецца фактычна толькі на Кітай і Індыю, у той час як Саудаўская Аравія мае больш разнастайную кліенцкую базу. Пры гэтым абодва галоўныя пакупнікі аддалі перавагу блізкаўсходняй нафце расейскай, адзначае Reuters:
Кітай скараціў куплю апошняй з 2,19 млн да 2,04 млн, а Індыя – з 1,75 млн да 1,47 млн;
пры гэтым Кітай павялічыў імпарт саудаўскай нафты з 1,62 млн да 1,68 млн, а Індыя – з 610000 да 770000.
Пераразмеркаванне адбываецца на фоне ўзмацнення жорсткасці заходніх санкцый у дачыненні да танкераў расейскага ценевага флоту. На мінулым тыдні Вялікая Брытанія ўнесла ў чорны спіс 30 караблёў, у выніку пад абмежаваннямі знаходзяцца ўжо 73 танкеры. Гэта значыць, Расеі будзе складаней знаходзіць караблі для дастаўкі нафты і нафтапрадуктаў.
Акрамя таго, налета барацьба за кліентаў можа абвастрыцца. Спажыванне нафты ў Азіі ў 2024 г., з усяго відаць, будзе ніжэйшым, чым год таму, нягледзячы на прагнозы росту з боку Міжнароднага энэргетычнага агенцтва і АПЕК (картэль пры гэтым з ліпеня штомесяц зніжае свае ацэнкі). За першыя 11 месяцаў гэтага года імпарт склаў 25,52 млн бараляў за дзень, што на 370 000 менш, чым за аналагічны перыяд летась.
Асноўная прычына спаду – зніжэнне попыту з боку Кітая, чыя эканоміка запавольваецца, рынак нерухомасці (які разам з будаўнічай галіной, якая працуе на яго, з'яўляецца буйным спажыўцом нафтавых і нафтахімічных прадуктаў) знаходзіцца ў крызісе. Пры гэтым краіна пераводзіць грузавікі на газ, імкліва нарошчвае выпуск электрамабіляў (іх ужо прадаецца больш за палову) і сонечную электрагенерацыю.