Фізік-ядзершчык: Інфармацыю пра здарэнне на БелАЭС хочуць схаваць
11- 21.12.2024, 11:51
- 15,976
Збой другараднага абсталявання не мог прывесці да адключэння ўсяго энэргаблока.
Абодва энэргаблокі Беларускай атамнай электрастанцыі вось ужо два тыдні не выпрацоўваюць электрычнасць. І калі першы знаходзіцца на планавым рамонце, то другі адключаны пазапланава. Сайт «Люстэрка» сцвярджае, што энэргаблок адключаны праз «няспраўнасць контуру, які з'яўляецца носьбітам радыеактыўнага асяроддзя».
У Мінэнэрга пацвердзілі інфармацыю пра адключэнне другога энэргаблока БелАЭС і заявілі, што прычынай стала «спрацоўванне аднаго з датчыкаў».
Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць адказ Мінэнэрга інжынера-фізіка, эксперта праграмы «Бяспека радыеактыўных адкідаў» Андрэя Ажароўскага:
– Паведамленне відавочна накіраванае не на інфармаванне пра тое, што адбылося, а на ўтойванне інфармацыі. Не сказана, датчык якой падсістэмы АЭС спрацаваў. Датчык энэргетычнай сістэмы – генератара, датчык турбіны ці гэта датчык кантролю самога рэактара. У залежнасці ад адказу на гэтае пытанне, можна рабіць выснову, наколькі гэта сур'ёзнае здарэнне.
Калі збаіць датчык, які паведамляе аператару або аўтаматычнай сістэме кіравання пра стан рэактара – гэта вялікая праблема. Калі гэта другараднае абсталяванне – ягоны збой ніяк не прывёў бы да адключэння ўсяго энэргаблока. Пазапланавае адключэнне (яго трэба так называць) з'яўляецца сур'ёзным здарэннем, якое ўплывае на эканоміку АЭС, а таксама мае дачыненне да бяспекі.
Другое – «энэргаблок часова адключаны ад сеткі». Не сказана, на які час – некалькі гадзінаў, некалькі дзён, некалькі тыдняў. Мы ўжо ведаем прэцэдэнты, калі рамонт энэргаблока з неназванай прычыны доўжыўся месяцамі. Чаго чакаць ад рамонту другога энэргаблока – мы пакуль не ведаем. Можа, сапраўды трэба замяніць нязначную дэталь, магчыма – перабіраць даволі сур'ёзны набор абсталявання.
Больш нічога з гэтага кароткага паведамлення мы сказаць не можам.
Мы толькі збіраем выпадкі пазапланавага прастою энэргаблока. Наколькі я разумею, для замежных кліентаў Расатама менавіта гэтая інфармацыя важная. Устаноўкі працуюць ненадзейна. Мы выдатна памятаем, што менавіта на БелАЭС не працаваў вымяральны трансфарматар. Цяпер жа нейкі датчык. Ва ўмовах адмовы беларускіх атамшчыкаў ад дыялогу з грамадствам, ва ўмовах таго, што экалагічныя арганізацыі (сярод іншых – «Экадом») былі запісаныя ў спісы «экстрэмісцкіх фармаванняў», разумныя спробы дамагчыся праўды ў грамадзянскай супольнасці адсутнічаюць. Надзея толькі на прэсу.