У Брагінскім раёне воўк загрыз двух сабак
3- 21.12.2024, 20:22
- 4,284
Дзікая жывёліна бегала па дварах.
Увечары ў пятніцу, 20 снежня, у вёсцы Гдзені Брагінскага раёна воўк бегаў па дварах і нападаў на сабак. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Милиция Беларуси».
Паводле інфармацыі мясцовай жыхаркі, драпежнік перыядычна з'яўляецца ў яе двары. Але на гэты раз ён загрыз двух сабак, а людзі, спалохаўшыся, зачыніліся ў доме.
Калі на месца здарэння прыехалі міліцыянты жывёліна кінулася і на іх. «З улікам рэальнай пагрозы, супрацоўнікі, каб абясшкодзіць ваўка, выкарыстоўвалі агнястрэльную зброю», - гаворыцца ў паведамленні сілавікоў.
Ні жыхары вёскі, ні праваахоўнікі не пацярпелі.