Кітайскае судна, якое магло пашкодзіць кабелі ў Балтыцы, ссунулася з месца
- 21.12.2024, 21:33
- 4,460
Яго суправаджаюць дацкія караблі.
Кітайскае судна Yi Peng 3, якое, паводле інфармацыі СМІ, падазраецца ў датычнасці да абрываў кабеляў сувязі ў Балтыйскім моры і дагэтуль знаходзілася ля берагоў Даніі, знялася з якара.
Пра гэта паведамляе "Еўрапейская праўда".
Yi Peng 3 знялося з якара а 14.30 паводле менскага часу ў суботу, 21 снежня, і зараз рухаецца на поўнач праз праліў Катэгат, што паміж Швецыяй і Даніяй, у бок Егіпта.
Каля судна знаходзяцца таксама караблі флоту Даніі. Абароннае ведамства краіны паведаміла вяшчальніку DR, што праводзіць Yi Peng 3 за межы дацкай тэрыторыі «адпаведнымі сродкамі».
Yi Peng 3 адправілася пасля таго, як улады Кітая дазволілі шведскім праваахоўнікам узысці на борт судна для допытаў і іншых следчых дзеянняў аб пашкоджанні кабеляў сувязі.
Кабелі ў Балтыйскім моры, адзін з якіх злучае Фінляндыю і Нямеччыну, а іншы - Швецыю і Літву, былі пашкоджаныя 17-18 лістапада. Міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус заявіў, што ён мяркуе, што гэта было выклікана дыверсіяй.
Парушэнні адбыліся ў выключнай эканамічнай зоне Швецыі, і шведская пракуратура вядзе расследаванне па падазрэнні ў магчымым сабатажы.
Прадстаўнікі заходніх разведак са шматлікіх краін заявілі, што яны ўпэўненыя, што кітайскі карабель выклікаў абрывы абодвух кабеляў. Але яны выказалі розныя меркаванні што да таго, ці былі гэта няшчасныя выпадкі, ці гэта магло быць наўмысным дзеяннем.