Лукашэнка адправіў падраздзяленні РЭБ на мяжу з Украінай
7- 22.12.2024, 15:59
- 8,088
У Генеральным штабе загаварылі пра «правакацыі».
Падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ), якія разгарнуў беларускі бок уздоўж мяжы з Украінай, занятыя тым, што вядуць радыёманіторынг радыёчастотнага дыяпазону, але пры гэтым гатовыя «спыняць правакацыі». Пра гэта расказаў начальнік управы радыёэлектроннай барацьбы Генштаба Узброеных сіл Беларусі Аляксандр Нагавіцын у эфіры «ВаенТБ».
Паводле ягоных слоў, падраздзяленні РЭБ на мяжы з Украінай кругласутачна ацэньваюць радыёэлектронную абстаноўку як на нашай тэрыторыі, так і на сумежнай, затым паведамляюць кіраўніцтву для прыняцця пастаноў.
«Акрамя гэтага, падраздзяленні РЭБ, разгорнутыя ўздоўж дзяржаўнай мяжы, гатовы да вядзення радыёэлектроннага здушэння радыёэлектронных аб'ектаў з мэтай недапушчэння рознага кшталту правакацый, у тым ліку з задзейнічаннем беспілотных лятальных апаратаў», - сказаў ён.
Паводле яго слоў, беларускіх жаўнераў зараз актыўна забяспечваюць партатыўнымі сродкам РЭБ.
«Толькі сёлета распрацавана і прынята на ўзбраенне 15 новых сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, якія носяцца (звычайным салдатам у акопе) для таго, каб выяўляць і здушваць БПЛА розных тыпаў. Гэтыя сродкі актыўна цяпер пастаўляюць у войскі ў неабходнай колькасці», - сказаў ён.