Вайскоўцы ЗША памылкова збілі над Чырвоным морам свой знішчальнік
8- 22.12.2024, 18:59
- 3,688
Абодва пілоты выжылі.
У Чырвоным моры амерыканскія вайскоўцы, як мяркуецца памылкова, збілі адзін са сваіх знішчальнікаў падчас інцыдэнту з "прыязным агнём". Абодва пілоты змаглі паспяхова катапультавацца, хоць адзін з іх, як адзначаецца, атрымаў лёгкія траўмы.
Аб інцыдэнце са знішчальнікам F/A-18 паведаміла Цэнтральнае камандаванне Узброеных сіл ЗША. Паводле ягоных звестак, самалёт ляцеў ад авіяносца "Гары Трумэн", калі яго збіла ракета, выпушчаная эсмінцам "Гетысбэрг" са складу ўдарнай групы на чале з "Трумэнам".
Абодва пілоты былі знойдзеныя. Праводзіцца поўнае расследаванне, адзначылі ў амерыканскім камандаванні.
Войскі ЗША разгорнутыя ў рэгіёне ў тым ліку для супрацьдзеяння пагрозам з боку дзейнай у Емене праіранскай групоўкі хусітаў. У суботу вайскоўцы зноў наносілі ўдары па іх пазіцыях недалёка ад сталіцы Емена Саны. Акрамя таго, над Чырвоным морам былі збітыя некалькі беспілотнікаў хусітаў і адна крылатая ракета.
Прадстаўнік камандавання хусітаў у сваю чаргу заявіў, што амерыканскі знішчальнік быў збіты менавіта іх агнём.