23 снежня 2024, панядзелак, 22:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Потэра будуць працягваць перакладаць на беларускую мову

Гары Потэра будуць працягваць перакладаць на беларускую мову

У лютым 2025 года выйдзе чарговая кніга.

Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала выхад у лютым 2025-га чарговай кнігі беларускамоўнага «Гары Потэра». Яшчэ летам з'явілася інфармацыя, што кнігі не будзе - з праваўладальнікамі не ўдалося дамовіцца, бо Беларусь знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі (у тым ліку пад санкцыямі Вялікай Брытаніі). Аднак перамовы працягнуліся і ў выніку выявіліся плённымі.

Кніга «Гары Потэр і Кубак агню», чацвёртая са знакамітай серыі Джоан Роўлінг, убачыць свет 8 лютага і на яе ўжо прымаюцца папярэднія заказы. Пераклад з ангельскай мовы выканала Алена Пятровіч. У кнізе 712 старонак. Выдавецтва паведамляе, што «будуць дадрукаваныя ў цвёрдай вокладцы і тры папярэднія кнігі серыі».

«Пасля працяглых і плённых перамоў, з дапамогай калег і сяброў нам удалося прабіць сцяну недастатковага разумення і давесці, як важна беларусам пры ганеннях на нацыянальную культуру, жорсткай барацьбе за дабро і мір чытаць кнігі пра Гары Потэра на роднай мове, — піша выдавецтва. - ...Мы ўклалі новы кантракт на даволі жорсткіх умовах. Кнігі Дж. К. Роўлінг будуць эксклюзіўна прадавацца толькі на нашых пляцоўках: у кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве, інтэрнэт-краме knihauka.com, маркетплейсах Allegro і Amazon. Яшчэ горш, іх забаронена прадаваць на тэрыторыі Беларусі і Расеі. А гэта азначае, што мы не зможам дасылаць кнігі пра Гары Потэра поштай у Беларусь».

Выдаўцы спадзяюцца, што нягледзячы на згаданыя перашкоды, беларусы на радзіме «знойдуць варыянты, як набыць і атрымаць новыя выданні».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках