Украінскія інжынеры ператварылі лёгкі самалёт у здольны даляцець да Масквы БПЛА
10- 25.12.2024, 11:59
- 9,258
Адказу ў расейскай СПА на яго няма.
Украінскія інжынеры ператварылі лёгкі двухмесны самалёт А-22 Лятучая лісіца (Foxbat) ва ўдарны беспілотнік, які можа даляцець да сталіцы краіны-агрэсаркі РФ – Масквы.
Пра гэта паведамляе нямецкае выданне Bild са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Паводле іх інфармацыі, камерцыйны звышлёгкі самалёт А-22 пераўтвораны ў БПЛА далёкага радыусу дзеяння – да 1,2 тысячы км.
«Такая далёкасць палёту – далёка за межамі магчымасцяў нямецкай крылатай ракеты Taurus. Акрамя таго, гэта самы вялікі з вядомых украінскіх БПЛА-камікадзэ: ён можа несці 200 кг выбухоўкі», – піша выданне.
Як высветліла Bild, з 1996 года ўкраінская кампанія Аэрапракт зрабіла больш за тысячу асобнікаў гэтай мадэлі.
«Пераабсталяваць іх у зброю ўкраінскія вайскоўцы пастанавілі на пачатку 2024 года. Самае галоўнае: ручное кіраванне замененае спадарожнікавай навігацыйнай сістэмай», – піша выданне.
Ёсць інфармацыя, што ў красавіку 2024 года такі дрон УСУ паспяхова ўжылі для нападу на расейскі завод БПЛА ў Татарстане, а ў снежні – для выбуху ў штабе спецпадраздзяленняў у Грозным, сцвярджае BILD.
Як піша выданне, дасягаць перароблены самалёт можа дзякуючы невялікаму рухавіку, практычна нябачнаму для сістэмаў расейскіх СПА, радары якіх настроеныя на адсочванне вылучэння цяпла.
«Калі рухавік ракеты Storm Shadow разаграваецца да 870 градусаў, то рухавік А-22 максімум да 100 градусаў. Радыёлакацыйную абарону А-22 забяспечвае спецыяльная плёнка. Да таго ж ён ляціць з невялікай хуткасцю і на малой вышыні. Адказу ў расейскай СПА пакуль няма», – заявіла Bild.
Як мяркуе эксперт выдання ў аналізе адкрытых звестак Юльян Рэпке, недахопам такой прылады з'яўляецца сціплая колькасць гатовых асобнікаў. Паводле наяўных звестак, кампанія Аэрапракт магла вырабіць у раёне 50 А-22 за год. І наўрад ці гэты аб'ём атрымаецца значна павялічыць, сцвярджае эксперт.
«Для параўнання – расейскія вайскоўцы часам запускаюць больш за 50 беспілотнікаў-камікадзэ “Герань-2” за адну ноч», – падсумавала Bild.