«Менчукі, вы чым думаеце?! Такія кошты заломваеце»
8- 25.12.2024, 17:17
- 6,052
Беларус здзівіўся розніцы ў кошце на ялінкі ў Менску і ў рэгіёне.
Карыстальніка TikTok @_artyr3 і, мяркуючы з усяго, жыхара горада Бяроза шакавала ялінкавае пытанне. Днямі мужчына купіў у лясгасе дзве прыгожыя ялінкі, а потым выпадкова ўбачыў кошты падобных дрэў у Менску. «Менчукі, вы чым думаеце?! Такія кошты заломваеце», - не стрымаў ён эмоцый у роліку, які выклаў на сваёй старонцы, піша «Зеркало».
Са слоў Артура (так клічуць мужчыну), днямі ў Івацэвіцкім лясгасе, да якога належыць і Бярозаўскі раён, ён купіў дзве ялінкі. Вышыня кожнага дрэва - 3,5 метра. Мужчына кажа, што за кожнае дрэва ён заплаціў па 17,8 рублі.
- 3,5 метра, пухнатая, высокая, прыгожая елка, - апісвае свой набытак Артур. — Сёння, 20 снежня, я ў Менску, спыніўся на «Прасторы» на стаяначцы (гаворка пра краму на праспекце Дзяржынскага. — Заўв. рэд.), гляджу, ялінкавы кірмаш. Думаю, зайду, пагляджу, колькі ялінкі каштуюць. Ялінка ў Менску 1,8-2 метры пачынаецца ад 150 рублёў да 400. У залежнасці ад пухнатасці. Менчукі, чым вы думаеце?! Такія цэны заломваеце! Я ачмурэў. У лясгасе 17 рублёў, а ў Менску - 400. Харашуны.
За пяць дзён эмацыйнае відэа Артура паглядзелі больш за 197 тысяч разоў. Пад ім звыш 740 каментароў. Вось некаторыя з іх:
«400 рублёў, каб пяць дзён пастаяла? Стаўлю даўно штучную, прыгожа і эканомна. Гэта асабіста мая [думка]. Мяне задавальняе».
«Бізнэс па-беларуску».
«Даўно час пераходзіць на штучныя, лес не гумовы!»
«Трэба зрабіць яшчэ даражэй. Навошта высякаць ялінкі? Цяпер штучныя прыгожыя».
«Ну вы параўналі ялінкі з лясгаса і з гадавальніка. У лясгасе - гэта крывыя і непрыгожыя, а ў гадавальніку пухнатыя, роўныя, прыгожыя».
«Калі людзі купляюць, значыць, грошы ціснуць кішэні».
«У Лідзе 20 рублёў, два метры».
«Адкуль такія лічбы? Вы, напэўна, пару лішніх нулёў убачылі».
Адзначым, што ў Івацэвіцкім лясгасе сёлета ялінкі прадаюць наступнымі коштамі:
да метра - 8,4 рубля;
ад 1 да 2 метраў - 11,2 рубля;
ад 2 да 3 метраў - 13,8 рубля;
ад 3 да 4 метраў - 23 рублі.
Кошт навагодняга дрэва ў гаршку: да метра - 27,9 рубля, 1-1,5 метра - 33,5 рубля.
У Менску бюджэтны ялінкавы базар знаходзіцца на Баграціёна, 70. Цэны ссечаных дрэў тут такія:
да метра - 20,7 рубля;
ад 1,1 да 2 метраў - 28,9 рубля;
ад 2,1 да 3 метраў - 36,2 рубля;
ад 3,1 да 4 метраў - 105,5 рубля.
Ялікі ў гаршках каштавацьме даражэй: да метра — 38,2 рубля, ад 1,1 да 1,5 метра — 52,5, вышэй за 1,6 метра — 62,1.