Беларуская жывёлагадоўля рызыкуе застацца без камбікорму
9- 26.12.2024, 11:10
- 3,736
Найбуйнейшы дзяржімпарцёр расейскай бялковай сыравіны не мае сродкаў для далейшага закупу.
Найбуйнейшы дзяржімпарцёр расейскай бялковай сыравіны не мае сродкаў для далейшага закупу. Гэта вынікае з афіцыйнага звароту да кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкаму, з якім азнаёміўся «Флагшток».
Зварот на імя першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Петражыцкага падрыхтавала кіраўніцтва ЗАТ «Белаграінгандаль». Прадпрыемства спецыялізуецца на аптовым гандлі бялковай сыравінай для патрэб сельскагаспадарчых арганізацый. Кампанія набывае шрот сланечнікавы ў расейскіх заводаў-вытворцаў на ўмовах папярэдняй аплаты, а пазней прадае беларускім сельгасарганізацыям на ўмовах адтэрміноўкі аплаты. Аднак беларускія пакупнікі не выконваюць свае абавязацельствы па аплаце.
У звароце гаворыцца, што цяпер сітуацыя з разлікамі беларускіх прадпрыемстваў сістэмы АПК за пастаўленую сельгассыравіну «гнятлівая». Нават камбінаты хлебапрадуктаў, якія раней былі добрасумленнымі і надзейнымі партнёрамі, практычна прыпынілі разлікі за пастаўлены тавар.
На 20 лістапада 2024 года агульная сума дэбіторскай запазычанасці арганізацый Гомельскай вобласці на карысць ЗАТ «Белаграінгандаль» складае 3,2 млн беларускіх рублёў. У спісе завінавачаных, прыкладзеным да звароту, знаходзяцца 64 арганізацыі сферы АПК Гомельскай вобласці. Такім чынам, практычна ўсе атрыманыя крэдытныя сродкі былі накіраваныя таварыствам на набыццё шроту сланечнікавага для арганізацыі Гомельскай вобласці. У тым ліку запазычанасць «Калінкавічыхлебапрадукту» складае 1,2 млн BYN, «Навабеліцкага камбінату хлебапрадуктаў» — 707 тысяч рублёў BYN, «Рэчыцкага камбінату хлебапрадуктаў» - 213 тысяч BYN.
Значная частка пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці арганізацый Гомельскай вобласці ўтварылася яшчэ ў 2018-2019 гадах. Аплата за пастаўлены тавар павінна была ажыццяўляцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, аднак бюджэтныя сродкі, выдзеленыя прадпрыемствам грошы для аплаты сыравіны былі пералічаныя ЗАТ «Белаграінгандаль» у няпоўным аб'ёме. Сума гэтай запазычанасці складае 773 тысячы BYN.
Прадпрыемства некалькі гадоў праводзіць працу па спагнанні запазычанасці: падавала матэрыялы ў эканамічны суд, падавала выканаўчыя дакументы для прымусовага выканання. Аднак ніякага эфекту гэта не прыносіць. У далейшым кіраўніцтва прадпрыемства не бачыць перспектыў для выплаты камбінатамі хлебапрадуктаў сваёй запазычанасці, а ўласных сродкаў для таго, каб імпартаваць бялковую сыравіну паводле ўжо падпісаных дамоў, у ЗАТ «Белаграінгандаль» няма.
У высновах кіраўніцтва ЗАТ «Белаграінгандаль» звяртае ўвагу на тое, што найбліжэйшым часам само прадпрыемства не зможа выканаць свае абавязацельствы перад банкам у выплаце крэдытаў. Тым самым, далейшыя закупы бялковай сыравіны могуць быць цалкам паралізаваныя.
ЗАТ «Белаграінгандаль» з'яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам. 100 адсоткаў акцый кампаніі ў роўных долях належаць Берасцейскай, Віцебскай, Гомельскай, Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай абласцям. Прадпрыемства закупляе бялковую сыравіну для сельгасарганізацый з усёй Беларусі. Фінансавыя праблемы ЗАТ «Белаграінгандаль» пагражаюць калапсам для ўсёй сістэмы дзяржаўных закупаў сыравіны для корму сельскагаспадарчых жывёл.