У чатырох рэгіёнах Расеі пачалася паніка праз атаку беспілотнікаў
- 27.12.2024, 9:05
- 6,272
Аэрапорты закрытыя.
Раніцай 27 снежня аэрапорты ў чатырох рэгіёнах Расеі часова забаранілі вылет і прыём самалётаў. А 5:00 паводле маскоўскага часу абмежаванні былі ўведзеныя ў паветранай гавані Сочы,паведаміў прадстаўнік Расавіяцыі Арцём Караняка.
«Экіпажы УС, авіядыспетчары і службы аэрапорта прымаюць усе неабходныя меры для гарантавання бяспекі палётаў - гэта галоўны прыярытэт», - адзначыў Караняка.
Са звестак онлайн-табло, у аэрапорце на вылет і прылёт былі затрыманыя блізу двух дзясяткаў рэйсаў да сярэдзіны дня.
З 6:00 аналагічныя абмежаванні ўвялі ў аэрапорце Казані.
«Паветраная гавань часова не прымае і не адпраўляе авіярэйсы», – паведаміў Караняка. Затрымліваецца амаль 15 рэйсаў. Прыкладна ў гэты ж час абмежавалі працу яшчэ два аэрапорты: у Астрахані і Валгаградзе. Але, як адзначыў прадстаўнік Расавіяцыі, з 6.40 яны аднавілі прыём і адпраўку суднаў. Тым не менш, паводле табло гэтых паветраных гаваняў, у Астрахані затрымліваюцца прылёты двух рэйсаў, а ў Валгаградзе — тры прылёты і тры вылеты.
Са звестак Shot, прычынай закрыцця аэрапортаў стала пагроза нападу ўкраінскіх беспілотнікаў. У Сочы і Казані ўводзіўся план «Дыван» - рэжым закрытага неба, які прадугледжвае неадкладную пасадку або сыход з зоны дзеяння такога рэжыму ўсіх лятальных апаратаў, якія знаходзяцца ў паветры.
План можа ўводзіцца пры парушэнні паветранай прасторы замежным аб'ектам. Са звестак Мінабароны РФ, гэтай ноччу сілы супрацьпаветранай абароны (СПА) знішчылі над расейскімі рэгіёнамі 13 дронаў: адзін над Астраханскай вобласцю, па два - над Белгарадскай і Тульскай, тры - над Курскай і пяць - над Бранскай.