СМІ: Арменія не мае намеру вяртаць у Беларусь свайго амбасадара
5- 28.12.2024, 19:51
- 5,972
Стасункі паміж Ерэванам і афіцыйным Менскам апошнім часам істотна пагоршыліся.
Ерэван не мае намеру вяртаць у Беларусь свайго амбасадара Разміка Хумарана, паведамляе бюро, якое адказвае за Арменію аднаго з расейскіх прапагандысцкіх медыя са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Паводле інфармацыі СМІ, пасля адклікання ў чэрвені сёлета дыпламат у Менск больш не прыязджаў.
Як піша «Позірк», 13 чэрвеня прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка. Ён сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.
Пасля заявы прэм'ера амбасадара Хумарана адклікалі ў Ерэван для кансультацый. У адказ Менск вярнуў з Арменіі свайго амбасадара Аляксандра Канюка (мяркуючы паводле інфармацыі МЗС, вярнуўся ў Ерэван у канцы лета).
На саміце Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) 26 снежня Пашынян, выступаючы па відэасувязі, публічна адмовіўся прыязджаць у Менск у траўні 2025 года на наступную сустрэчу кіраўнікоў краін ЕАЭС.